Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ліста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Гартаць, перагортваць. Пасля абеду Зыбін любіў, лежачы на канапе, лістаць часопіс — разгадваць красворды, чытаць розныя кароценькія заметкі на апошніх старонках. Мележ.

лісто́к ​1, ‑тка, м.

Памянш. да ліст ​1 (у 1 знач.).

•••

Фігавы лісток — крывадушнае прыкрыццё чаго‑н. яўна бессаромнага, несумленнага. [Алаіза:] — Толькі вельмі не спадзявайцеся на маніфест. Маніфест — гэта фігавы лісток, якім цар хоча прыкрыць свой сорам. Арабей.

лісто́к ​2, ‑тка, м.

1. Памянш. да ліст ​2 (у 1, 2 знач.); невялікі ліст. Лісток календара. □ — Радыёграма, — далажыў радыст і працягнуў лісток паперы. М. Ткачоў. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.

2. Тое, што і ліст ​2 (у 3 знач.). Кантрольны лісток. Абходны лісток.

3. Разм. Лістоўка, пракламацыя. Недазволеную літаратуру — брашуркі, лісткі, адозвы — .. [сябры] хавалі ў нетрах глухога густога лесу. Колас.

•••

Баявы лісток — невялікая экстранна выпушчаная насценгазета.

лісто́та, ‑ы, ДМ ‑тоце, ж., зб.

Разм. Тое, што і лісце. Восень яшчэ не паспела пазалаціць усёй лістоты на дрэвах, але ўжо сыпанула на іх вераснёўскую фарбу. Чарнышэвіч.

лісто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Друкаваны або рукапісны лісток, звычайна злабадзённага палітычнага зместу. Пад вечар лістоўкі былі адасланы ў вёску, а часткова былі раздадзены для расклейкі па горадзе. Галавач. Каціўся на папялішчах Падпольных лістовак гром; Лістовак, якіх не знішчыць Ні полымем, ні штыком. Панчанка.

лісто́ўніца, ‑ы, ж.

Хвойнае дрэва з мяккай, ападаючай на зіму ігліцай і цвёрдай, моцнай драўнінай. Сібірская лістоўніца.

лісто́ўнічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лістоўніцы. Лістоўнічная жывіца. // Зроблены з драўніны лістоўніцы. Лістоўнічная мэбля.

лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.

2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.

лі́сце, ‑я і лісцё, ‑я, н., зб.

Лісты раслін. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў. Чарнышэвіч. Ледзь-ледзь варушыцца лісцё, спачываючы ад дзённай спёкі. Брыль.

лі́сцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцевыя пупышкі. // Які ўтвараецца лісцем. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

2. Які мае лісце, з лістамі (пра дрэвы); проціл. хвойны. Лісцевае дрэва. // Які складаецца з такіх дрэў. Лісцевы лес.

лі́сцейка, ‑а, н., зб.

Памянш.-ласк. да лісце.