ліры́чнасць, ‑і, ж.
Якасць, уласцівасць лірычнага.
ліры́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лірыкі (у 1 знач.). Лірычны паэт. // Які з’яўляецца лірыкай. Лірычны верш. Лірычная паэма. // Які з’яўляецца аб’ектам апісання ў лірыцы. Лірычны герой.
2. Прасякнуты лірызмам, паэтычнай узнёсласцю. Лірычны пейзаж.
3. перан. Разм. Чуллівы, эмацыянальна ўзвышаны. Лірычны настрой. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.
4. Мякка-пявучы, далікатны па тэмбру (пра голас). Лірычны тэнар. Лірычнае сапрана.
•••
Лірычнае адступленне гл. адступленне.
ліс, ліса; мн. лісы, ‑оў; м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом. Як толькі яны ўзышлі на ўзлесак, адзін з хлапчукоў выпудзіў даўгахвостага ліса. Шахавец. // Футра гэтай жывёліны.
2. Самец лісы.
3. перан. Разм. Пра хітрага, ліслівага чалавека. [Вайтовіч:] — Ты стары ліс і хады ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай. Пальчэўскі.
ліса́, ‑ы, ж.
1. Самка ліса.
2. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.). На прылужжы, дзе раса, След пакінула ліса. Калачынскі. Заходзіць .. пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. Быкаў.
лісахво́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Травяністая кармавая расліна сямейства злакавых з суквеццем у выглядзе мяцёлкі. Кусцілася чаротніца, над ёй узнімаліся абсыпаныя пылком свеч[к]і лісахвосту. Асіпенка.
лі́сель, ‑я, м.
У марской справе — парус, які паднімаецца пры слабым ветры ў дапамогу асноўным прамым парусам для павелічэння іх плошчы.
[Гал. lijzeil.]
лісі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ліса, лісы, належыць лісу, лісе. Лісіная нара. Лісіны след. // Зроблены з футра ліса, лісы. Лісіны каўнер. // Уласцівы лісу, лісе; такі, як у ліса, лісы. Лісіная хітрасць.
2. перан. Хітры, ліслівы. На твары [Дабравольскага] паявілася лісіная ўсмешка. Барашка.
лісі́ца 1, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.).
2. Тое, што і ліса (у 1 знач.).
лісі́ца 2, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тоўстае круглае палена, якое кладзецца ўпоперак саней для перавозкі бярвення.
2. Прыстасаванне для сціскання дошак; ціскі.
лісі́ца 3, ‑ы, ж.
Тое, што і лісічка 2. Ля кратовых ямак — грыбы лісіцы выскачылі з зямлі, дробненькія яшчэ. Пташнікаў.
лісі́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да лісіца 1 (у 1 знач.); маладая ліса.
лісі́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ядомы грыб жоўтага колеру. Кошыкі і паравы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч.
ліслі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць ліслівага.
2. Празмернае ўсхваленне; угодлівасць, падлізванне. Дзе хітрыкі, ліслівасць — там і вераломства. Валасевіч. Дзяўчына не даруе баязлівасці, ліслівасці і наогул якой-небудзь слабасці. Арабей.
3. Разм. Ласкавасць, пяшчотнасць. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.