Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лімузі́н, ‑а, м.

Закрыты кузаў легкавога аўтамабіля; тып аўтамашыны з такім кузавам. Сесці ў лімузін.

лі́мфа, ‑ы, ж.

Бясколерная вадкасць у целе чалавека і пазваночных жывёл, якая абмывае ўсе тканкі і клеткі арганізма. Лімфа, як і кроў, знаходзіцца ў бесперапынным руху.

[Ад лац. lympha — вільгаць.]

лімфадэні́т, ‑у, М ‑ніце, м.

Спец. Запаленне лімфатычных вузлоў.

[Ад лац. lympha — вільгаць і грэч. adén — залоза.]

лімфаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лімфы. Лімфатычныя залозы. Лімфатычная сістэма.

лімфацы́ты, ‑аў; адз. лімфацыт, ‑а, М ‑цыце, м.

Адзін з відаў белых крывяных клетак у арганізме чалавека і пазваночных жывёл.

[Ад лац. lympha — вільгаць і грэч. kytos — клетка.]

лі́на, ‑ы, ж.

Тоўстая вельмі моцная вяроўка, канат з валокнаў ці дроту. Стальная ліна. Пяньковая ліна.

лінава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для лінеення. Лінавальная машына.

лінаты́п, ‑а, м.

Друкарская наборная машына, якая адлівае набор цэлымі радкамі. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч.

[Ад лац. linea — лінія і грэч. typos — адбітак.]

лінатыпі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Наборшчык, які працуе на лінатыпе.

лінатыпі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да лінатыпіст.