Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рафіна́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рафінаду; прызначаны для яго прыгатавання. Рафінадны завод. Рафінадны прэс, // перан. Падобны на рафінад. Сонца ўсё свеціць і свеціць, лёгкія аблачынкі ляжаць на даляглядзе, неба блекла-сіняе; шарэюць, праменяцца .. вострым, рафінадным нейкім святлом камяністыя сопкі. М. Стральцоў.

рафінёр, ‑а, м.

Машына для раздрабнення і ачысткі грубай драўнянай масы пры вырабе паперы.

[Ад фр. raffineur — ачышчальнік.]

рафінёрны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Прызначаны для рафінавання. Рафінёрны цэх. Рафінёрны апарат.

2. Які паддаецца рафінаванню. Рафінёрная маса.

рафінёршчык, ‑а, м.

Спец. Рабочы, які абслугоўвае рафінёрныя апараты.

рафіно́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаны, служыць для рафінавання. Рафіновачная печ.

ра́фія, ‑і, ж.

1. Трапічная расліна сямейства пальмаў з кароткім ствалом і вялізнымі перыстымі лістамі.

2. Трывалае валакно, якое робіцца з вонкавага слою лістоў некаторых відаў гэтай пальмы.

[Англ. raffia.]

рахава́цца, раху́юся, раху́ешся, раху́ецца; незак.

Разм.

1. Рабіць грашовыя падлікі, разлікі (звычайна ўзаемныя). — Ты толькі не бойся, я ж не за так цябе прашу. Грошы аддаць пасля магу. — Што мне твае грошы, ты мне паправіш вароты .. — Больш яны не рахаваліся. Чыгрынаў. // Весці ўзаемны ўлік (паслуг, прэтэнзій, крыўд і пад.). — Шмат я вам турбот нарабіў, — першы раз за вечар пачула Насця яго голас — Рахавацца пасля будзем... Паехалі, Насця. Асіпенка.

2. Абменьвацца думкамі; раіцца. — Няма часу нам тут доўга рахавацца, гэта не нарада і не педсавет. Кулакоўскі. — Рахаваліся, Валодзя, з начальнікам будоўлі, — паціскае руку і гаворыць парторг. — Думаем цябе ў брыгадзіры... Мыслівец.

рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.

Разм.

1. Рабіць разлікі, падлікі. — Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.

2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.

раха́т-луку́м, ‑у, м.

Усходні ласунак з цукру, мукі і крухмалу з арэхамі і міндалем.

[Цюрк.]

рахі́т, ‑у, М ‑хіце, м.

Дзіцячая хвароба, якая характарызуецца парушэннямі ў развіцці касцявой і нервовай сістэм ад няправільнага мінеральнага абмену ў арганізме.

[Ад грэч. rháchis — спінны хрыбет, пазваночнік.]