Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навіва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. навіваць — навіць.

навіва́цца, ‑аецца; незак.

1. Намотвацца. накручвацца на што‑н.

2. Зал. да навіваць.

навіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навіць.

навіга́тар, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне навігацыі (у 3 знач.).

навігацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да навігацыі. Навігацыйны перыяд. // Які служыць для навігацыі (у 3 знач.). Навігацыйныя прылады.

навіга́цыя, ‑і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

2. Перыяд года, калі па мясцовых кліматычных умовах магчыма суднаходства. На рацэ яшчэ не закрылася навігацыя, адзін за адным ішлі катэры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.

3. Адзін з асноўных раздзелаў навукі аб суднаваджэнні, які вывучае метады прагназавання руху, вызначэння месца знаходжання карабля. Практычная навігацыя. Падручнік па навігацыі.

•••

Паветраная навігацыя — тое, што і аэранавігацыя.

[Лац. navigatio — суднаходства, мараплаванне.]

навідаво́ку, прысл.

Разм. Так, што ўсе бачаць. У хаце пачынала ўжо змяркацца, а вайскоўцы сядзелі не надта навідавоку, дык Юрый Паўлавіч у першы момант не пазнаў Андрэя. Кулакоўскі. Дзівіўся я: Навідавоку Смяецца яблык залаты, А людзі ўсе чамусьці збоку Бяруць зялёныя плады. Маляўка.

навізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць і якасць новага (у 2, 3 знач.). Навізна поглядаў. Навізна ўражанняў.

2. Нешта новае, незнаёмае; тое, што нядаўна адчулі, аб чым нядаўна дазналіся. І кожны раз гэты горад, родны і блізкі, радаваў і хваляваў светлай навізной. Хадкевіч. Усё.. [у кватэры] вабіла навізною, а хатнія рэчы былі расстаўлены па-старому. Кулакоўскі.

навіна́, ы́; мн. наві́ны, ‑ві́н; ж.

1. Атрыманая зусім нядаўна вестка. Апошнія навіны. □ І бацька ў вольныя часіны Расказваў дома ўсе навіны І чуткі ўсе наконт зямелькі. Колас.

2. Уласцівасць і стан новага; навізна. Пабегаўшы па дварэ, вучні зноў прыйшлі ў школу. Яна ўжо не страшыла іх сваёю навіною. Колас.

3. Нешта новае, незнаёмае. [Павал:] «Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё». Чорны. Працаваць самастойна для мяне было ўжо не навіной. Даніленка.

4. Абл. Хлеб новага ўраджаю, новае збожжа. І шэптам ласкі на выбітым полі, Як сонца, плыве навіна. Колас.

•••

Навіна з барадою — старая навіна.

наві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Што‑н. новае, што нядаўна з’явілася. Дзяўчаты і хлопцы пытаюцца пра навінкі савецкай літаратуры, называюць імёны любімых кінаакцёраў, балерын. Брыль. — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.

2. Разм. Тое, што і навіна (у 1 знач.). Расказаць навінку. □ Пайшла [сяброўка], закружыла, панесла навінку, Пранесла праз горад да самага рынку. Броўка.