Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лапа́цісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падобны па форме на лапату. Падмятаў тратуар невысокі каржакаваты стары з лапацістаю рыжаю барадою. Якімовіч.

лапа́ціць, лапачу, лапаціш, лапаціць; незак., што.

Разм. Перасыпаць што‑н. лапатаю. Лапаціць збожжа.

ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

лапіда́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць лапідарнага; сцісласць, выразнасць (стылю, формы). Лапідарнасць выказвання.

лапіда́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Сціслы, але выразны, зразумелы (пра стыль, форму пісьма). Лапідарны стыль.

[Ад лац. lapidarius — рэзчык па камені.]

ла́пік, ‑а, м.

Разм.

1. Лапіна. Дзе-нідзе ля вёскі з-пад снегу віднеліся лапікі чорнай зямлі. Гроднеў. Дзядзька Лаўрэн і дзядзька Антон узаралі лапік поля і штосьці пасеялі. Грамовіч.

2. Латка (у 1 знач.). Прышыць лапік.

ла́піна, ‑ы, ж.

1. Пляма іншага колеру на чым‑н. Магутныя ногі птушак ашчарэпілі жардзіну. Белыя лапіны на плячах [іх] нагадвалі пагоны. Беразняк. Яблыневыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Чорны. // Мясціна, якая чым‑н. вылучаецца на агульным фоне. Між лесу пракідаліся лапіны сенажаці. Мурашка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ. // Прагаліна. На палях, асабліва на ўзгорках, ад сонца адна за адной з’яўляліся праталіны, з-пад снегу выступалі чорныя лапіны зямлі. Краўчанка. Дарогу злёгку зацерушыла снегам. Там-сям відны асфальтаваныя лапіны. Кавалёў.

2. Разм. Невялікі кавалак зямлі. З гаспадаркі ўсяго і было ў таго чалавека, што лапіна зямлі на ўзгорку. Якімовіч. [Касперскі:] І ўсё [Бондар] засеяў? [Рымша:] Ні лапіны не пакінуў. Гурскі.

ла́пісты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі лапамі. Гонкія сосны стаялі ўперамежку з лапістымі елкамі. Сіняўскі. // Падобны на лапу (пра лісце раслін). Лапістае лісце.

ла́піць, лаплю, лапіш, лапіць; незак., што.

Разм. Латаць. Надзя на ўслончыку пераглядала бялізну сваю, вопратку, лапіла, дзе трэба, і складала ў адзін клунак. Галавач.

ла́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Памянш.-ласк. да лапа (у 1, 2 знач.). Лапкі птушак.

2. Спец. Тое, што і лапа (у 3 знач.); невялікая лапа. Лапка швейнай машыны.

3. звычайна мн. (ла́пкі, ‑пак). Футра, шкурка з лап жывёлы. Заячыя лапкі.

•••

Гусіная лапка — травяністая расліна сямейства ружакветных з жоўтымі кветкамі і складкаватым лісцем.

Лапкі ўгору — не супраціўляцца.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках гл. хадзіць.

Хатка на курыных лапках гл. хатка.