бескантро́льны, ‑ая, ‑ае.
Які нікім не кантралюецца, свабодны ад кантролю. [Андрэй:] — З гэтым Апанасам трэба нешта зрабіць. Нельга ж даручаць яму такія справы. Па сутнасці, ён бескантрольны... Пестрак.
бесканфлі́ктнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бесканфліктнага; адсутнасць канфлікту. У пасляваенны час у беларускай, як і ва ўсёй савецкай літаратуры, вялікая ўвага аддавалася барацьбе з бесканфліктнасцю, з лакіроўкай рэчаіснасці. Шкраба.
бесканфлі́ктны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены канфлікту. Бесканфліктны твор.
бесканцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і бясконцы. Несціханы гул на высокай ноце бесперастанку імкнуўся ў бесканцовую прастору. Чорны.
бескаро́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае каровы. Бескароўны двор.
бескары́слівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бескарыслівага. [Сяргею] хацелася пераканаць.. [Таню] ў бескарыслівасці свайго пачуцця, але па сваёй нерашучасці ён не мог зрабіць гэтага. Машара.
бескары́слівы, ‑ая, ‑ае.
Які зроблены без жадання атрымаць асабістую карысць. Бескарыслівы высакародны ўчынак. Бескарыслівая дапамога. // Якому не характэрна карыслівасць, імкненне да асабістай выгады. Бескарыслівае служэнне народу.
бескары́сна,
1. Прысл. да бескарысны.
2. у знач. вык. Дарэмна, дарма. Бескарысна пра гібель пісаць на пергаменце. Куляшоў.
бескары́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бескарыснага; непатрэбнасць. У той жа час Клямт з прыкрасцю заўважыў, што некаторыя яго салдаты б’юцца без ўздыму, як бы загадзя разумеючы бескарыснасць сваіх ахвяр. Мележ.
бескары́сны, ‑ая, ‑ае.
Які не прыносіць карысці; дарэмны. Даўно ўжо кінуў Сымон пісаць заявы ў розныя інстанцыі — гэта была бескарысная работа. Самуйлёнак.