Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

углыбля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да углыбіцца.

угляда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. углядацца — угледзецца (у 1 знач.).

угляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да угледзецца (у 1, 2 знач.), углядзецца.

2. Абл. Заглядацца. — А дочухна мая, — пагладзіла Параска дзяўчынку па галаве, — рана табе, дзіцятка, углядацца ў хлопцаў. Гурскі.

угля́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да угледзецца (у 1, 2 знач.), углядзецца.

углядзе́цца, угляджуся, углядзішся, углядзіцца; углядзімся, угледзіцеся; зак.

Уважліва гледзячы, прыглядаючыся, пастарацца ўбачыць, разглядзець каго‑, што‑н. Нахіліўшыся з лодкі, я спрабую углядзецца ў ваду. Ракітны.

угнае́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угнойваць — угнаіць.

2. Рэчыва, якое ўносіцца ў глебу для павелічэння ўраджаю. Мінеральныя ўгнаенні. Зялёныя ўгнаенні. □ Штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем. Ермаловіч. Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак.

угнаі́цца, угноіцца; зак.

Палепшыцца ад унесеных угнаенняў, стаць угноеным.

угнаі́ць, угнаю, угноіш, угноіць; зак., што.

Унесці ў глебу ўгнаенне (у 2 знач.), зрабіць угноеным. І гэты кавалак [поля] пусты, але ж яго хоць угнаіць можна. Колас.

угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.

1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.

2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.