Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

край ​1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край ​2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

край...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «краявы», напрыклад: крайком, крайвыканком.

кра́йнасць, ‑і, ж.

1. Празмернае праяўленне чаго‑н., крайняя ступень чаго‑н. Крайнасці ў поглядах. □ — У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары, — заўважыў са смехам Садовіч. Колас.

2. перан. Што‑н. зусім непадобнае на іншае, процілеглае іншаму. Кідацца з адной крайнасці ў другую. □ Нездарма кажуць, што крайнасці сходзяцца, розныя полюсы прыцягваюць адзін другі. Кучар.

3. Вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Давесці да крайнасці.

•••

Да крайнасці — вельмі, надзвычайна, у вышэйшай ступені. Брыгада знаходзілася ў бесперапынных баях і паходах і сілы яе былі напружаны да крайнасці. Шамякін.

кра́йне, прысл.

Вельмі, надзвычайна. Крайне важны. Крайне неабходна.

кра́йні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.

2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.

3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.

4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.

•••

У крайнім выпадку гл. выпадак.

кракавя́к, ‑а, м.

Польскі нацыянальны танец, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць кракавяк. □ Калі ж зайграў аркестр кракавяк, вялікі зал клуба закруціўся мяцеліцай рознакаляровай вопраткі. Скрыпка.

[Польск. krakowiak.]

кракадзі́л, ‑а, м.

Буйны паўзун з тоўстай панцырнай скурай, які водзіцца ў вадаёмах трапічных краін. Нільскі кракадзіл.

[Грэч. krokodeilos.]

кракадзі́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кракадзіла; зроблены са скуры кракадзіла. Кракадзілавы акварыум. Кракадзілавая сумка.

кракадзі́лаў, ‑ава.

Які належыць кракадзілу. Кракадзілава яйцо. Кракадзілава скура.

•••

Кракадзілавы слёзы гл. сляза.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

кра́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кракаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Сіваваронкі з сярдзітым краканнем кружыліся над дуплістымі дзеравякамі. Колас.