Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кошт, ‑у, М ‑шце, м.

Выражаная ў грашах вартасць чаго‑н. або велічыня затрат на што‑н. Кошт гадзінніка. Кошт вытворчасці. Кошт працы.

•••

За кошт чаго — выкарыстоўваючы што‑н. для якой‑н. мэты.

На чый (які) кошт; за чый (які) кошт — на чые‑н. сродкі, грошы.

ко́шык, ‑а, м.

Невялікі кош; тое, што і кош (у 1 знач.). З калгаса прыбег.. Піліпчык. Ён прынёс цэлы кошык, напакаваны ўсякай ежай. Лынькоў. Мы назбіралі з доктарам Ваўковічам грыбоў — ён поўны кошык, а я ўсяго некалькі баравікоў — і селі адпачыць. Васілевіч.

ко́шэр, ‑у, м.

У веруючых яўрэяў — дазволеная іудзейскай рэлігіяй страва.

[Яўр. kāšēr — чысты.]

кпі́нкі, ‑нак; адз. няма.

Тое, што і кпіны. Людзі з яго смяяліся, што ён баіцца жонкі, як агню. Ад гэтых кпінак людскіх .. [Ігналю] вельмі прыкра рабілася. Бядуля.

кпі́ны, кпін; адз. няма.

Злыя, абразлівыя жарты, насмешкі над кім‑, чым‑н. Платон Астапавіч ведаў характар сваёй дачкі: яшчэ дзяўчынкай яна не раз сваімі кпінамі і крытыкай выводзіла яго з цярп[ення]. Шамякін. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас.

кпіць, кплю, кпіш, кпіць; незак., з каго-чаго і без дап.

Строіць кпіны, насміхацца. Першыя дні толькі і гутаркі было, што пра Валянціну. Адны гаварылі, што яна прыветлівая, такая стройная, прыгожая, чарнявая, другія злосна кпілі, што худая і Шаманскі прывёз яе, каб адкарміць на калгасным хлебе. Дуброўскі.

кплі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць кплівага; насмешлівасць. Яны [Марынка і Паходня] жылі рознымі інтарэсамі і, здавалася, не заўважалі адно аднаго: ён ставіўся да яе з ласкай, але па-апякунску, як старэйшы, яна да яго — са стрыманай дзявочай кплівасцю. Хадкевіч.

кплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да кпін, які любіць насміхацца над іншымі. Кплівы чалавек. // Які заключае ў сабе кпіны. У панскім кплівым смеху Мітрафан адчуў абразу сваёй чалавечай годнасці. Пальчэўскі. Кубак адразу згроб сабе Рыгор.., Ладымер заўважыў гэта, і тонкія яго губы скрывіліся ад кплівай да гэтакай сквапнасці ўсмешкі. Чорны.

краб, ‑а, м.

Дзесяціногі кароткахвосты рак, пераважна марскі. Камчацкі краб.

[Гал. krab.]

кра́бавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да краба. Крабавыя сеткі. Крабавы промысел. // Прыгатаваны з мяса крабаў. Крабавыя кансервы.