Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэфалія́нты, ‑аў; адз. дэфаліянт, ‑у, М ‑нце, м.

Хімічныя рэчывы, якія выклікаюць ападанне лісця з раслін.

[Ад лац. de — ад і folium — ліст.]

дэфалія́цыя, ‑і, ж.

Апрацоўка раслін дэфаліянтамі.

дэфармава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дэфармаваць.

2. у знач. прым. Няправільнай формы. Дэфармаваныя плады. Дэфармаваны сплаў.

дэфармава́цца, ‑муецца; зак. і незак.

1. Змяніць (змяняць) сваю форму, аб’ём, памер пад уздзеяннем знешняй сілы.

2. толькі незак. Зал. да дэфармаваць.

дэфармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак. і незак., што.

Змяніць (змяняць) форму, аб’ём, памер якога‑н. цела, уздзейнічаючы на яго. Дэфармаваць глебавы пласт.

дэфарма́цыя, ‑і, ж.

Змяненне формы, аб’ёму, памеру чаго‑н. пад уздзеяннем знешняй сілы. Дэфармацыя металаў. Дэфармацыя цела.

[Ад лац. deformatio — скажэнне.]

дэфе́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Загана, недахоп. Надзя з Асяй, думаючы памяняцца на гэты вечар плаццямі, прымервалі іх, падганялі пад рост, ліквідавалі на хаду ледзь улоўныя дэфект. Васілевіч. Не знайшоўшы ў трактары ніякіх дэфектаў, Піліпёнак загадваў трактарысту адганяць яго ўбок, да дарогі, што вяла ў «Новы шлях». Шахавец.

[Лац. defectus.]

дэфектало́гія, ‑і, ж.

Навука аб заканамернасцях развіцця, аб выхаванні і навучанні дзяцей з фізічнымі і псіхічнымі недахопамі.

[Лац. defectus — недахоп і грэч. logos — вучэнне.]

дэфектаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэфектаскапіі. Дэфектаскапічны метад.

дэфектаскапі́я, ‑і, ж.

Сукупнасць некаторых фізічных метадаў і сродкаў праверкі матэрыялаў і вырабаў з мэтай выяўлення ў іх дэфектаў.

[Ад лац. defectus — загана і грэч. skopéō — гляджу.]