Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расчы́сціцца, ‑ціцца; зак.

Стаць чыстым, свабодным ад чаго‑н. Неба ўгары расчысцілася. Цяпер і без ліхтарыка добра відны былі і дарога, і сцежка ля яе. Кудравец. / у безас. ужыв. — Перад вечарам расчысцілася і высвеціла сонца. Чорны.

расчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Ачысціць, вызваліць ад чаго‑н., што перашкаджае, загрувашчвае, засмечвае. Хлопцы хуценька пассоўвалі да сцен крэслы і расчысцілі месца, пачаліся танцы. Сабаленка. На дварэ не дыхнуць, на дварэ ўжо заняло і зараўняла тую сцежку да хлява, што я расчысціў раніцай. Адамчык. // Прыбраць, выдаліць што‑н. ачышчаючы. Расчысціць завалы на дарозе. □ Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Колас. // перан. Вызваліць ад чаго‑н., што перашкаджае; зрабіць свабодным. Логіка класавай барацьбы прывяла да таго, што дробнабуржуазныя партыі і групы фактычна расчысцілі буржуазіі і панам шлях да ўлады. «Полымя».

2. Раскарчаваць, выкарчаваць, выцерабіць. Расчысціць тайгу пад пасёлак. Расчысціць дзялянку.

3. Спец. Прачышчаючы, расшырыць і выраўняць. Расчысціць пазы.

•••

Расчысціць глебу для чаго — правесці падрыхтоўку для здзяйснення чаго‑н.

расчыта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расчытаць.

расчыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

З цяжкасцю разабраць напісанае; прачытаць. А Чыліноў Алесь надзьмуўся, ў святыя дзеянні ўткнуўся І там, дзе слоў не расчытае, На сажань голас працягае. Колас. — Віця мой узяўся чытаць, ды не разабраўся. Можа ты, Петрусёк, расчытаеш? Якімовіч.

расчы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расчытаць.

расчыхво́сціць, ‑хвошчу, ‑хвосціш, ‑хвосціць; зак., каго-што.

Разм. Разбіць, разграміць. Расчыхвосціць варожыя танкі. // Уздзейнічаць крытыкай, раскрытыкаваць. Расчыхвосціць кінафільм. □ — Хоча ўсё ў свае рукі загрэбці, — падбухторваў [Дзям’яна] хітры Касцецкі: — Канешне, трэба выступіць і расчыхвосціць! Дуброўскі.

расчы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расчысціць.

расчышча́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расчысціцца.

2. Зал. да расчышчаць.

расчышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расчысціць.

расчышчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расчышчаць — расчысціць.