Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дадурэ́цца, ‑эюся, ‑эешся, ‑эецца; зак.

Разм. Дурэючы, давесці сябе да непрыемных вынікаў.

дадушы́, выкл.

Разм. Ужываецца для падмацавання чаго‑н., для запэўнення ў чым‑н.; блізкае па значэнню да слова «далібог». [Пан Кузель] просіць грамадзян не абурацца, бо ён, бядак, мае такі непрыемны загад [арыштаваць бацьку], хоць сам, дадушы, не хацеў бы... Таўлай.

дады́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці да якога‑н. месца; дацягнуцца, давалачыся. Памалу, мерна, крок за крокам У сваім раздум’і адзінокім Дадыбаў бацька скора к дому. Колас. Лес, здаецца, зусім побач. Вось ён, чорны, як сцяна, але дадыбай да яго, калі цяжка ісці па калена ў снезе, калі займае дух. Пташнікаў.

дае́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад даесці.

дае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад даездзіць.

дае́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даездзіць.

дае́здзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Частай ці працяглай яздой давесці сябе да непрыемных вынікаў. Што, даражэнькі, даездзіўся? — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы. Васілёнак.

дае́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Праездзіць на чым‑н. да якога‑н. часу. Даездзіў на машыне да вясны, а потым перасеў на трактар.

2. каго-што. Працяглай, частай яздой давесці да непрыгоднасці. Зусім даездзіў калёсы, // Заездзіць. Даездзілі каня.

дае́здчык, ‑а, м.

Уст. Старшы псяр, які абучае сабак і распараджаецца імі на паляванні.

дае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. даіць.