Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расцягнуць.

2. у знач. прым. Які падоўжылі, расцягнулі. На расцягнутых калёсах валаклі дубы. Мележ. // Рэдкі, з прамежкамі. Расцягнутая вёска. Расцягнутая шарэнга. □ Я выцягнуў адтуль добры дзесятак лістоў са знаёмым мне дробненькім расцягнутым почыркам Валерыі Андрэеўны. Дуброўскі. // Пашкоджавы моцным напружаннем, ударам. Цела азябла, баліць расцягнутая нага. Навуменка. // Які стаў вельмі вялікім ці шырокім, свабодным у выніку нацягвання. Расцягнутая сукенка. □ Крывыя, пагнутыя жалезныя пруткі былі падобны на расцягнутую старую вяроўку. Пташнікаў.

3. перан.; у знач. прым. Залішне працяглы, доўгі. [Міхасёвы] тлумачэнні былі расцягнутыя і незразумелыя. Краўчанка. У «Звяздзе» — поспех для пачаткоўца — была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

расцягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падоўжыцца, павялічыцца ад нацягвання. Гумка расцягнулася. Пальчаткі расцягнуліся. □ Кофта расцягнулася, асабліва на локцях і на грудзях. Арабей. // Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра сухажылле, звязкі і пад.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім, рэдкім з прамежкамі радам. Калона з пяці фурманак расцягнулася на цэлы кіламетр. Рамановіч. Выйшлі [партызаны] апаўдні. Расцягнуліся ланцугом між сосен. Навуменка. // Размясціцца паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Стары горад расцягнуўся ўздоўж Прыпяці на трынаццаць кіламетраў. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прадоўжыцца да якога‑н. часу або доўгі час; зацягнуцца. Работа расцягнулася на тыдзень. □ Расцягнулася размова, каб закончыцца на згодзе. Дубоўка.

4. Легчы выцягнуўшыся. Сяргей расцягнуўся на траве воддаль вогнішча, узіраўся ў зорнае летняе неба. Машара. Сцёпка прывязаў каня да біла калёс, сам расцягнуўся на возе. Хомчанка. // Упасці ўсім целам. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Чарнышэвіч.

расцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягваючы, зрабіць шырэй ці даўжэй. Расцягнуць шапку. Расцягнуць абутак. □ Гарманіст расцягнуў мяхі, і ўсё зазвінела, ажыло... Дуброўскі. // Паслабіць што‑н. сцягнутае, зацягнутае. [Гаспадар] ледзь расцягнуў на шыі сабакі пятлю з тонкага тэлефоннага кабелю. Дамашэвіч. // Пашкодзіць пры моцным напружанні, удары, неасцярожным руху (сухажылле, звязкі і пад.). Брудная нага каля кветачкі распухла — вывіхнуў [Шура] ці расцягнуў. Навуменка.

2. Нацягнуўшы, раскласці, развесіць, разаслаць і пад. у даўжыню ці ў шырыню. Расцягнуць палатно на лузе. □ [Мужчыны] расцягнулі брызент і ўмацавалі яго на слупах, як сценку ад ветру. Лупсякоў.

3. Размясціць доўгім, рэдкім радам або паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Расцягнуць абоз на некалькі кіламетраў. □ — Там [у лесе] .. [Адлеру] прыйдзецца расцягнуць свой фронт на дзесяткі кіламетраў. Шамякін.

4. Разабраць, разнесці па частках або адно за другім у розныя бакі. Уся радня выскачыла на дарогу і ў момант расцягнула скрыні і мяхі. Б. Стральцоў. // Разм. Раскрасці. Даніліха здзіўлена паглядзела на Язэпа: — Дык а хату на каго мне кінуць? Тут жа толькі адвярніся, ураз усё расцягнуць... Асіпенка.

5. Разм. Адцягнуць адно ад другога, разняць. [Максім і Сяргей] кінуліся адзін аднаго абдымаць і, пакуль.. расцягнулі іх, паспелі сказаць, што ідуць сустракацца з жонкамі. Машара.

6. Зацягнуць, затрымаць, прадоўжыць. Расцягнуць даклад. Расцягнуць тэрмін сяўбы. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Знарок, павольна вымавіць (гук, слова і пад.), працягнуць. — Та-а-ак, — расцягнуў пануры салдат. Гурскі.

расця́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. расцягваць — расцягнуць (у 1, 2 знач.).

2. Р мн. ‑жак. Стальны трос або дрот, які захоўвае што‑н. у пэўным становішчы. Узяць на расцяжкі. Умацаваць расцяжкі.

расця́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць расцяжнага. Расцяжнасць трыкатажу.

расцяжны́, ‑ая, ‑ое.

Такі, які можна расцягнуць (у 1 знач.). Расцяжная рызіна.

расцяжэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расцягваць — расцягнуць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расцягвацца — расцягнуцца.

2. Пашкоджанне тканак (звязкі, сухажылля) з прычыны празмернага нацяжэння, рыўка.

расцяка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расцякацца — расцячыся.

расцяка́цца, ‑аецца; незак.

Незак. да расцячыся.

расцялі́цца, ‑целіцца; зак.

Разм. Ацяліцца (звычайна з цяжкасцямі). [Альбіна:] — Пярэстая ніяк не магла расцяліцца, дык я мо з палавіны ночы таўклася на ферме. Сабаленка.