расцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Нацягваючы, зрабіць шырэй ці даўжэй. Расцягнуць шапку. Расцягнуць абутак. □ Гарманіст расцягнуў мяхі, і ўсё зазвінела, ажыло... Дуброўскі. // Паслабіць што‑н. сцягнутае, зацягнутае. [Гаспадар] ледзь расцягнуў на шыі сабакі пятлю з тонкага тэлефоннага кабелю. Дамашэвіч. // Пашкодзіць пры моцным напружанні, удары, неасцярожным руху (сухажылле, звязкі і пад.). Брудная нага каля кветачкі распухла — вывіхнуў [Шура] ці расцягнуў. Навуменка.
2. Нацягнуўшы, раскласці, развесіць, разаслаць і пад. у даўжыню ці ў шырыню. Расцягнуць палатно на лузе. □ [Мужчыны] расцягнулі брызент і ўмацавалі яго на слупах, як сценку ад ветру. Лупсякоў.
3. Размясціць доўгім, рэдкім радам або паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Расцягнуць абоз на некалькі кіламетраў. □ — Там [у лесе] .. [Адлеру] прыйдзецца расцягнуць свой фронт на дзесяткі кіламетраў. Шамякін.
4. Разабраць, разнесці па частках або адно за другім у розныя бакі. Уся радня выскачыла на дарогу і ў момант расцягнула скрыні і мяхі. Б. Стральцоў. // Разм. Раскрасці. Даніліха здзіўлена паглядзела на Язэпа: — Дык а хату на каго мне кінуць? Тут жа толькі адвярніся, ураз усё расцягнуць... Асіпенка.
5. Разм. Адцягнуць адно ад другога, разняць. [Максім і Сяргей] кінуліся адзін аднаго абдымаць і, пакуль.. расцягнулі іх, паспелі сказаць, што ідуць сустракацца з жонкамі. Машара.
6. Зацягнуць, затрымаць, прадоўжыць. Расцягнуць даклад. Расцягнуць тэрмін сяўбы. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Знарок, павольна вымавіць (гук, слова і пад.), працягнуць. — Та-а-ак, — расцягнуў пануры салдат. Гурскі.