нату́ра, ‑ы, ж.
1. Характар, тэмперамент чалавека. У атрадзе Цыганка любілі. У суровых умовах жыцця вельмі да спадобы прыйшлася ўсім яго вясёлая натура. Шчарбатаў. Васіль быў натуры падатлівай і са старэйшымі трымаў сябе заўсёды пакорліва і паслухмяна. Пальчэўскі. / Пра чалавека наогул. [У адрозненне ад Марыны] .. Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая. Колас. // Разм. Чалавечы арганізм, яго асаблівасці. [Вусаты:] — Калі ты будзеш мець такую натуру, што здолееш, заснуць за тры гадзіны да смерці, дык і ніякае смерці тады не будзе. Чорны. [Гунава:] — Калі ў вас такая далікатная натура, не варта было апранаць ваенны мундзір. Самуйлёнак.
2. Рэчаіснасць, рэальнае існаванне чаго‑н. [Караневіч:] Я люблю народную песню ў натуры. Крапіва.
3. Жывыя істоты, з’явы і прадметы рэальнага свету, з якіх малююць, робяць здымкі і пад. [Рамір:] — Я не хачу быць падобны на сотні тых, хто дасканала навучыўся капіраваць натуру. Асіпенка. Вось ён — мой першы альбом. Я завёў яго два гады таму назад, скончыўшы сямігодку. Рысую найбольш партрэты, алоўкам, з натуры. Брыль. // Той, хто пазіруе перад мастаком. Выглядам і адзежай .. [падлеткі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. // Прыродныя абставіны, месца па-за павільёнам, дзе адбываецца кіназдымка.
4. Тавары, прадукты як сродак аплаты замест грошай. Плаціць натурай. □ За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлівала звычайна ад уласніка завода аплату за паслугі — ці то граш[а]мі, ці то натурай — спірытусам. Шынклер.
5. Уст. Прырода. Стварыла натура той горад дзівос, завуць яго людзі — Пачэцкі ўцёс. Дубоўка.
•••
Другая натура — адна з істотных індывідуальных рыс, асаблівасцей, схільнасцей чалавека.
Шырокая натура — пра шчодрага адкрытага чалавека.
[Лац. natura.]
натуралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
Прыняць (прынімаць) грамадзянства або падданства чужой краіны.
натуралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак.
Даць (даваць) правы грамадзянства або падданства чужаземцу.
натураліза́цыя, ‑і, ж.
Прыняцце іншаземцаў і асоб без грамадзянства ў грамадзянства або падданства пэўнай дзяржавы.
[Ад лац. naturalis — прыродны.]
натуралі́зм, ‑у, м.
1. У філасофіі — тэорыя, адпаведна якой прырода выступае як адзіны, універсальны прынцып тлумачэння існага.
2. Напрамак у літаратуры і мастацтве, які характарызуецца імкненнем да знешне дакладнага капіравання рэчаіснасці без мастацкіх абагульненняў, ідэйнай ацэнкі таго, што адлюстроўваецца.
3. Першапачатковая назва рэалістычнага напрамку ў рускай літаратуры; натуральная школа.
натуралі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Той, хто вывучае, даследуе прыроду. Юны натураліст.
2. Паслядоўнік натуралізму.
натуралісты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць натуралістычнага.
натуралісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да натуралізму. Натуралістычны напрамак у жывапісе.
2. Які характарызуецца ўвагай да бытавых дэталей, імкненнем да фатаграфічнага капіравання рэчаіснасці без абагульнення таго, што паказваецца.
натура́льна,
1. Прысл. да натуральны (у 5, 6 знач.).
2. у знач. пабочн. Зразумела, канечне. Незвычайна было тое, што за будаўніцтва ўзяліся выключна былыя партызаны, прысланыя па пуцёўках Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Іх былі тысячы, і, натуральна, сярод іх знайшліся інжынеры, тэхнікі, шафёры, слесары-зборшчыкі. Карпаў.
натура́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць натуральнага (у 3–6 знач.). Праўдзівасць і натуральнасць — агульныя і абавязковыя адзнакі .. паэзіі [Купалы і Коласа]. Перкін.