Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ушчапе́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Учапіцца, ухапіцца за што‑н. У стопцы стаіць каля засека дзед, а Мірон і Лазар схіліліся над мяшком, ушчаперыліся за яго рукамі, цягнуць яго кожны ў свой бок. Галавач. Людзі ў кузаве пасталі, ушчаперыліся за кабіну, адзін за другога і з захапленнем падставілі сустрэчнаму ветру твары. Карпюк.

ушчарэ́піцца, ушчарэплюся, ушчарэпішся, ушчарэпіцца; зак.

Разм. Тое, што і ушчаперыцца. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся... Чарот.

ушчарэ́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ушчарэпіцца.

ушчува́нне, ‑я, н.

Спагнанне, дакор, папрок. Максім думаў, што сын зусім адкаціўся ад яго, ад дому, што папрокамі і ўшчуваннем тут не паможаш. М. Стральцоў.

ушчува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Уздзейнічаць на каго‑н., дакараючы, папракаючы за што‑н. — Цётка Малання, — ушчувала Лізавета, — як вам не сорам! Мележ. Таня кінулася хлопцам насустрач. — Дзе вы бадзяліся столькі? — пачала ўшчуваць яна Міколу. Новікаў.

ушчу́нак, ‑нку, м.

1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.

2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.

ушчу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.

Зак. да ушчуваць.

ушчу́ць, ушчую, ушчуеш, ушчуе.

Зак. да ушчуваць.

ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.

1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.

2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.

ушчы́льненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан ушчыльненага. Ушчыльненасць глебы. Ушчыльненасць рабочага дня.