расціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расціснуць.
расці́снуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расціснуць.
расці́снуцца, ‑нецца; зак.
1. Аказацца расціснутым. Яйкі ў кошыку расціснуліся.
2. Перастаўшы сціскацца, раскрыцца (пра пальцы, зубы, губы і пад.). Кулак расціснуўся. □ Пальцы .. [Таццяніных] рук неяк самі расціснуліся, і рэвальвер стукнуўся аб падлогу. Шамякін.
расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.
2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.
3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.
расці́ць, рашчу, росціш, росціць; незак., каго-што.
1. Даглядаючы, забяспечваць рост, развіццё (раслін); вырошчваць. Расціць жыта. Расціць сад. □ Няхай Ганна раскажа .. [камсамолкам], як яна росціць лён. Сабаленка. // Гадаваць, выхоўваць. Для радасці мяне расціла маці І аддала мне сэрца і жыццё. Русак. — Лёгка расціць дзяцей, калі аб іх не адна толькі маці клапоціцца. Шамякін. // Даваць магчымасць расці (пра валасы, поўсць). Расціць вусы. // Садзейнічаць развіццю каго‑, чаго‑н. Расціць кадры. Расціць талент. □ Сягоння сілы, ўпартасці стае, каб добрае расціць, ліхое крэсліць! В. Макарэвіч.
2. Прарошчваць на солад. Расціць ячмень.
расцугля́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расцугляць.
2. у знач. прым. Без цугляў, вызвалены ад цугляў. Расцугляныя коні.
3. перан. Разбэшчаны, распушчаны, нічым не стрыманы. Яму давялося быць сведкам самага расцуглянага хабарніцтва, якое тварылася вакол. Колас.
расцугля́цца, ‑яецца; зак.
Вызваліцца ад цугляў.
расцугля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Выняць з рота каня цуглі, адшчапіўшы ад аброці. Расцугляць каня.
расцыры́кацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць доўга, бесперастанку цырыкаць.
расцэ́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўстанаўлення расцэнак. Расцэначная ведамасць.