расціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. ▪ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.

2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. ▪ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.

3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)