Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

касі́цца ​1, косіцца; незак.

1. Паддавацца скошванню. Канюшына была радкаватая, касілася лёгка.

2. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці касіць. З расой лёгка косіцца. □ Так мне лёгка і весела косіцца, У руках я не чую касы. Свірка.

3. Зал. да касіць ​1.

касі́цца ​2, кашуся, косішся, косіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца касым (у 1 знач.); крывіцца. Сцяна косіцца. Вокны косяцца.

2. Глядзець не прама, а скоса, убок. Нерашуча ступаючы за Маяй,.. [Чудзін] з жахам касіўся на свой шынель. Карпюк.

3. перан. Адносіцца неадабральна, недаверліва да каго‑н., злавацца. Марына ж не касілася на .. [Пракопа], не абыходзіла бокам. Ермаловіч.

касі́ць ​1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.

1. Зразаць траву касой ​2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. □ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.

2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.

•••

Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.

Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.

касі́ць ​2, кашу, косіш, косіць; незак.

1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.

2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.

3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.

ка́сія, ‑і, ж.

Травяністая расліна сямейства бабовых, лісце і плады якой выкарыстоўваюцца як слабіцельны сродак.

[Лац. cassia.]

ка́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Галаўны ўбор, звычайна металічны, у выглядзе шлема (у ваенных, пажарнікаў і інш.). Салдацкая каска. □ Коскі, як на байцах-героях, Што не зналі да ворага ласкі, Самы мірны, аднак, па настроях Салігорскі народ у касках! Лойка.

[Фр. casque.]

каска́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Вадаспад з уступамі.

2. перан.; чаго. Вялікае мноства, багацце, імклівы паток чаго‑н. Каскад слоў. □ Яшчэ момант — і высокі голас Мар’яны .. па-салаўінаму рассыпаўся каскадам трэляў, нібы срэбраны званочак, зазвінеў пад самай столлю. Стаховіч. Узнімаючы каскады ружовых пырскаў, з шумам падалі ў раку падмытыя дрэвы. Хомчанка.

3. У цыркавым мастацтве — прыём падзення з каня.

4. У тэхніцы — звязаныя між сабой крыніцы энергіі, рухавікі, машыны.

•••

Каскад гідраэлектрастанцый — група гідраэлектрастанцый, размешчаных па цячэнню ракі на адлегласці адна ад адной і звязаных між сабой агульным водагаспадарчым рэжымам.

[Фр. cascade.]

каскадзёр, ‑а, м.

1. У цыркавым мастацтве — выканаўца нумара, які звычайна мае характар пантамімічнай сцэнкі і заснаваны на камічных акрабатычных падзеннях (каскадах).

2. Асоба, якая выконвае ў кінафільмах складаныя або небяспечныя для жыцця трукі.

[Фр. cascadeur.]

каска́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каскада, утварае каскад (у 1 знач.). Каскадны горны ручай. План каскаднага асваення ракі.

каске́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Лёгкі мужчынскі галаўны ўбор з казырком і аколышкам.

[Фр. casquette.]

касмаба́чанне, ‑я, н.

Тэлевізійныя перадачы з касмічнага апарата або на вялікія адлегласці праз штучны спадарожнік Зямлі як рэтранслятар. Савецкае касмабачанне.

касмагані́чны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вывучэнном Сусвету. Касмаганічная тэорыя. Касмаганічная гіпотэза.