касе́ц, касца, м.
Той, хто косіць (травы, збажыну). Лёгка і хораша, спраўна і спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Брыль. Па пояс трава парасла за ракой. Чакае касца яна з вострай касой. Муравейка.
касе́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да касца, належыць яму. Касецкія прылады.
касе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца косым.
касізна́, ‑ы, ж.
Разм. Скрыўленасць, перакошанасць. Касізна дошкі.
касі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Сельскагаспадарчая машына для скошвання траў. Конная касілка. Трактарная касілка. □ І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.
касі́льна, ‑а, м.
Тое, што і кассё. Прытаміўшыся, [Якім] утыркнуў касільна ў вязкую зямлю і ўзяўся мянташыць касу. Дуброўскі.
касіне́ры, ‑аў; адз. касінер, ‑а, м.
Польскія сяляне-апалчэнцы ў паўстанні 1794 г., узброеныя косамі.
касі́р, ‑а, м.
Службовая асоба, якая распараджаецца касай, прымае і выдае грошы, прадае білеты і пад. Касір выдаваў рабочым авансы і рыхтаваўся да разрахункаў у канцы месяца. Чорны.
касі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жан. да касір.
касі́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да касіра, належыць яму. Моладзь абсталявала залу для спектакляў. Самі зрабілі сцэну, прыбудавалі касірскую будку. Чарнышэвіч.