касіць 1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.
1. Зразаць траву касой 2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. ▪ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.
2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.
•••
Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.
Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.
касіць 2, кашу, косіш, косіць; незак.
1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.
2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.
3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.