Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяша́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад мяшаць ​1 (у 1, 2 знач.).

2. у знач. прым. З прымессю чаго‑н. Мяшанае малако. Мяшаная смятана.

3. у знач. прым. Разнародны. Мяшанае насельніцтва. // Які складаецца з розных парод. Мяшаны лес. // Змешаны з розных элементаў. [Дзяўчына] размаўляла на мяшанай польскай і рускай мовах. Карпюк.

4. у знач. прым. Разм. Узараны паўторна. Мяшанае ворыва.

мяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, змешвацца з чым‑н. Снегавыя крупы мяшаліся з пылам, чарнелі і прападалі. Чорны. Раса паступова высыхала, і лес напаўняла густая, паркая духмень, у якой мяшаліся пахі травы, сосен, суніц. Мележ. // Перамешвацца. Бярозы мяшаюцца з елкамі. □ Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў. Колас. // Рабіцца невыразным, неразборлівым. Мяшаюцца ў вачах літары.

2. Прыходзіць у беспарадак, блытацца. Пяхота зусім сплывае ў пшанічныя палеткі: тут ужо ясна — і рэзервы, і першая лінія мяшаюцца. Чорны. // Траціць яснасць, рабіцца незразумелым (пра думкі, мову). Думкі мяшаліся. Мінулае ўрывалася ў сённяшняе, а сённяшняе нырала ў мінулае. Новікаў.

3. перан. Разм. Умешвацца ў што‑н. Мяшацца ў чужыя справы. □ Дзядзька, як кажа бабуля,.. не мяшаецца ў палітыку, а толькі чытае ды піша. Брыль.

4. Зал. да мяшаць ​1 (у 1, 2 і 4 знач.).

мяша́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Размешваць, перамешваць што‑н., боўтаючы, пераварочваючы лыжкай, мешалкай і пад. Мяшаць кашу. □ — Узяла датаўкла б проса, чым дарэмна бегаць па хатах, — мяшала .. [маці] рукой у ступе напалавіну стоўчанае проса і адначасова адчытвала дачку. Васілевіч. Бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам. С. Александровіч.

2. што. Змешваць, злучаць у адно што‑н. разнароднае. Мяшаць цэмент з пяском. Мяшаць салому з канюшынай. // што і без дап., каму. Замешваць корм для жывёлы. Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла і раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку. Крапіва. // што. Перамешваючы, парушаць парадак. Мяшаць карты.

3. перан.; каго. Разм. Уцягваць, умешваць, ублытваць у што‑н. — А ты мяне, калі ласка, — сказаў.. [Міхась], — у гэтую кампанію не мяшай. Я кроў праліваў за Савецкую ўладу. Брыль.

4. што і без дап. Разм. Пераворваць паўторна. Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку. Баранавых. Аралі свой папар Амяльян і Рыгор, а там яшчэ далей іх мяшаў ворыва Вінцэсь. Нікановіч.

мяша́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і перашкаджаць. Маці адвярнулася і прашаптала: — Нелюдзь... Яму ўсё мяшае... Сачанка. А мамка заўсёды мяне адганяе, калі я да стала падбіраюся. Не мяшай, кажа. Даніленка.

•••

Не мяшае (не мяшала б) — трэба; трэба было б. Ядзя кіўнула на Янушка. — Гэта таму не мяшала б даць добрую праборку, хто кожны дзень п’яны. Дайліда.

мяшо́к, ‑шка, м.

1. Тое, што і мех ​1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.

2. Тое, што і мех ​1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.

3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.

4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.

5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.

•••

Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.

Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.

Купіць ката ў мяшку гл. купіць.

мяшо́чак і мяшэ́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да мяшок; невялічкі мяшок.

мяшо́чнік і мяшэ́чнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто скупляе мяшкамі харчовыя прадукты і незаконна перавозіць іх з мэтай спекуляцыі (у перыяды нарміраванага забеспячэння насельніцтва прадуктамі). Вагоны былі набіты бітком мяшочнікамі, людзьмі ў пашарпаных салдацкіх шынялях. Звонак. Саюзы моладзі дапамагалі партыі.. у барацьбе з мяшэчнікамі і спекулянтамі. «Маладосць».

мяшо́чніца і мяшэ́чніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да мяшочнік, мяшэчнік.

мяшо́чны і мяшэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мяшка, мяшкоў. Мяшочная тканіна. Мяшочныя іголкі.

мяшча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да мешчанін.

мяшча́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мешчаніна, мяшчан (у 1 знач.). Мяшчанскае саслоўе. □ Палкоўнік паклікаў да сябе старасту мяшчанскай управы. Бядуля.

2. перан. Абмежаваны дробнаўласніцкімі інтарэсамі, уласцівы мешчаніну (у 2 знач.). Сляпая, з пустой душой, .. [Ірына] не разумела, у чым шчасце, не шукала яго, жыла як бы аблытаная павуціннем сваіх нікчэмных мяшчанскіх уяўленняў... Краўчанка.

•••

Мяшчанская драма гл. драма.