карана́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае тоўстыя, моцныя карані. [Петрык] недалёка перад сабой убачыў самы сапраўдны дуб — каранасты, разгалісты, з рэдкім пажоўклым лісцем на магутнай кране... Якімовіч.
2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каржакаваты. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. Шамякін.
каранацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каранацыі. Каранацыйная ўрачыстасць.
карана́цыя, ‑і, ж.
Урачыстая цырымонія ўскладання кароны на манарха, які ўступае на прастол. Каранацыя цара.
[Лац. coronatio.]
каранда́ш, ‑а, м.
Прылада для пісьма, чарчэння, малявання ў форме тонкай палачкі з графітавым або іншым сардэчнікам; аловак. Просты карандаш. Хімічны карандаш. Каляровыя карандашы. Маляваць карандашом.
•••
Браць (узяць) на карандаш гл. браць.
[Ад цюрк. кара — чорны і таш, даш — камень.]
каранда́шны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карандаша, прызначаны для вытворчасці карандашоў. Карандашная фабрыка. // Зроблены карандашом. [Ліба] дастала запісную кніжку і спешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Гартны.
каранёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кораня (у 1 знач.). Каранёвая сістэма раслін. Каранёвыя захворванні бульбы.
2. Які мае адносіны да кораня слова; карэнны. Каранёвая марфема. Каранёвая роднасць слоў.
каранёк, ‑нька, м.
Памянш.-ласк. да корань (у 1 знач.).
карані́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікай колькасцю добра развітых каранёў (пра расліны, дрэвы). Караністая расада.
2. Пакрыты, пераплецены каранямі дрэў (пра дарогу і пад.). Я націскаў, як толькі мог, на педалі, .. але ўсё роўна ўцячы ад дажджу не ўдалося, — дарога скрозь вузкая, караністая. Сачанка.
карані́цца, ‑ніцца; незак.
1. Пускаць карані, урастаць каранямі. Дрэва галініцца і караніцца.
2. Мець сваёй асновай, прычынай што‑н.; адбывацца, здарацца ад чаго‑н. Іменна такія бязвольныя чалавечкі, баязліўцы, абывацелі — тая пажыўная глеба, у якой караняцца воўчыя грыбы накшталт Дзерваеда. «ЛіМ». Ці гэта быў вынік звычайнага крызісу, нярэдка характэрнага маладосці пад час выбару шляху, ці прычыны караніліся ў нечым іншым, цяжка сказаць. Ліс.
3. Моцна трымацца, знаходзіцца ў кім‑, чым‑н. Моцна каранілася ў свядомасці людзей думка аб немагчымасці барацьбы з балотамі. «Беларусь».
кара́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. караць.