Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

карале́ва, ‑ы; Р мн. ‑леў; ж.

1. Жан. да кароль (у 1 знач.). // перан.; чаго або якая. Разм. Пра жанчыну, якая вылучаецца сярод іншых у якіх‑н. адносінах, у якой‑н. дзейнасці. Каралева балю. Каралева прыгажосці.

2. Жонка караля.

3. Разм. У шахматах — тое, што і ферзь.

карале́віч, ‑а, м.

Уст. і нар.-паэт. Сын караля. Тым часам царэўна дала аб’яву, каб з’явіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Якімовіч.

карале́ўна, ‑ы; Р мн. ‑левен; ж.

Уст. і нар.-паэт. Дачка караля. Справілі вяселле, і стаў сіраціна Янка мужам каралеўны. Якімовіч.

карале́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да караля (у 1 знач.) і каралевы (у 1, 2 знач.), належыць ім. Каралеўская ўлада. Каралеўскае войска. Каралеўскі палац.

2. У шахматах — які знаходзіцца на той палове дошкі, дзе кароль. Каралеўскі фланг. Каралеўская пешка.

карале́ўства, ‑а, н.

1. Манархічная дзяржава, на чале якой стаіць кароль (у 1 знач.).

2. Дзейнасць, праўленне караля.

каралёк, ‑лька, м.

1. Разм. Кароль невялікай манархічнай дзяржавы.

2. Невялікая лясная птушка атрада вераб’іных з шаравата-зялёным пер’ем і аранжавым або жоўтым цемем.

3. Сорт апельсіна з чырвонай мякаццю.

каралёў, ‑лёва.

Які належыць каралю (у 1 знач.). Каралёва дачка.

кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.

Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.

кара́ліна, ‑ы, ж.

Адна паперка, зярніна караляў. У ліку багатых знаходак — залатая караліна і абломкі шкляных пасудзін блізкаўсходняга паходжання. «Помнікі».

кара́льнасць, ‑і, ж.

Дапушчальнасць, прымянімасць пакарання. Каральнасць учынкаў вызначаецца крымінальным законам.