Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

учо́с, ‑у, м.

Змяншэнне вагі пры часанні чаго‑н. (воўны, ільну і пад.). Учос воўны.

учо́т, ‑у, М учоце, м.

Рэгістрацыя кадраў, устанаўленне іх наяўнасці. Стаць на партыйны ўчот. Зняцца з учоту.

•••

Учот вэксаляў — крэдытная аперацыя ў капіталістычных дзяржавах, якая ўчыняецца шляхам куплі банкам вэксаляў да сканчэння іх тэрміну.

учо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для ўчоту. Учотная картка. Учотны лісток.

2. Спец. Які звязаны з учотам вэксаляў. Учотны банк. Учотны працэнт.

учо́тчык, ‑а, м.

Асоба, якая вядзе ўлік чаго‑н. Учотчык палявой брыгады. Канторскі ўчотчык. □ На фермах [калгаса «Рассвет»] няма ні вартаўнікоў, ні ўчотчыкаў — даяркі самі вядуць улік надоенага малака. Кухар.

учо́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да учотчык.

учубкі́, прысл.

У выразе: узяцца ўчубкі гл. узяцца.

учу́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад учуць.

учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.

Разм.

1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.

2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.

3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.

учы́нак, ‑нку, м.

Дзеянне, учыненае кім‑н., тое, што здзейснена кім‑н. Думкі Насці былі накіраваны да таго, каб зменшыць сваю віну і як-небудзь апраўдаць свой учынак. Мележ. Ніяк не верылася, што.. [Клінцэвіч] рашыўся на такі смелы ўчынак, як забойства мацёрага правакатара. Машара. [У вачах дзеда Талаша] часамі блукаў і затоены агеньчык гатовы разгарэцца .. пажарам рашучых учынкаў. Колас.

учыне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. учыніць і учыніцца.