учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.
Разм.
1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.
3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)