Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мясі́ць, мяшу, месіш, месіць; незак., каго-што.

1. Мяць, размінаць якую‑н. густую масу, перамешваючы яе з вадою, вадкасцю. Мясіць цеста. □ Ахметка з Гошкам цэлымі днямі прападалі на будоўлі: дапамагалі рабочым мясіць гліну, надавалі печнікам цэглу. Даніленка.

2. перан. Разм. Хадзіць, ездзіць па чым‑н. гразкім, топкім, сыпкім і пад. Сыпаў дробны дождж, ногі мясілі калатушу з снегу і гразі. Арабей. Дождж ніяк не можа суняцца. Месім і месім мокрую зямлю. С. Александровіч. Старэнькі параходзік з зухаватай назвай «Чаркес» мясіў ваду пліцамі на самай сярэдзіне ракі. Ракітны.

3. перан. Разм. Біць, дубасіць. Тахкае сэрца, і ад гэтага як хто чым тупым месіць па галаве, — аж іскры ўваччу. Пташнікаў. Нядужы, перапалоханы, Лёнік, зачапіўшыся за купіну, упаў, і яго, дабегшы, без жалю мясіў нагамі камендантаў сын. Адамчык.

мясні́к, ‑а, м.

Той, хто гандлюе мясам або працуе на бойні. Так, напрыклад, у Гарбовіцкай воласці (Магілёўская эканомія) былі сельскія мяснікі, якія займаліся свабодным продажам мяса ў гандлёвыя дні ў Чэрыкаве. «Весці». Аднак жа на пратэст не паглядзелі: Бязлітасны ляснік панёс Яе Пярэстага на воз. Крапіва. // перан. Пра жорсткага чалавека. — Мяснік, а не суддзя!.. — раздалося дзесьці з кутка залы. Лынькоў.

мясны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да мяса (у 1 знач.). Мясная прамысловасць. Мясны пах. // Прыгатаваны з мяса, з мясам. Мясныя катлеты.

2. Які ідзе на мяса, разводзіцца для мяса. Мясная парода курэй.

3. у знач. наз. мясно́е, ‑ога, н. Ежа з мяса, з мясам.

мястэ́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

Уст. Вялікае сяло з некаторымі прыкметамі горада; пасёлак гарадскога тыпу. З высокага берага, па якім стаіць наша мястэчка, відаць было ўсё залітае вадой наваколле. Ермаловіч. Аляксей адразу ўспомніў невялікае мястэчка. Асабліва выразна чамусьці прыгадалася брукаваная плошча з новым будынкам.. школы і паўразбураным касцёлам. Мележ.

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

мясці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да мясціна. Яны звярнулі з дарогі, выбралі слаўную мясцінку — зялёны грудок сярод жоўценькага пясочку — і спыніліся. Колас. Дзед... выбіраў Васілю з маткай рыбную мясцінку. Мележ. Мясцінку слаўную знайшоў І рыбы налавіў з паўпуда! Корбан.

мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.

1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.

2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.

3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.

мясці́ць, мяшчу, месціш, месціць; незак., каго-што.

Змяшчаць у сабе, умяшчаць; размяшчаць, даваць прыстанішча. Невялікі ўтульны пакой бібліятэкі мясціў у сабе цяжкі пісьмовы стол і дзве шырокія шафы. Галавач. У старога сёння свята, І гасцей не месціць хата. Гілевіч.

мясцко́м, ‑а, м.

Мясцовы камітэт прафсаюзнай арганізацыі. Старшыня мясцкома.

мясцко́мавец, ‑маўца, м.

Разм. Член мясцкома.