Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і (радзей) адзяю, адзяеш, адзяе.

Незак. да адзець.

адкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адкаваць.

адкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Выкаваць. Адкаваць парог.

2. Аддзяліць што‑н. прыкаванае; раскаваць. Адкаваць каня.

адкаве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкавяліць.

адкавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑веліць; зак., што і чаго.

Разм. Адрэзаць вялікі кавалак (хлеба, сала і пад.); адкроіць. Старшына ледзь прыкметна паціснуў плячыма, падміргнуў насмешліва хлопцам і, мнагазначна кашлянуўшы, адкавяліў кавалак сала. Васілевіч. [Паўлік] пабег у хату, адкавяліў лусту хлеба, пасыпаў яе соллю і вынес Андрушку. Лобан.

адка́з 1, ‑у, м.

1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.

2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.

3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.

4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.

адка́з 2,

У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.

адказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; заг. адкажыся; зак.

Тое, што і адмовіцца.

адказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; заг. адкажы; зак.

1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што‑н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. □ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны. // Паслаць адказ на чыё‑н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля. // што. Расказаць настаўніку урок.

2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: «Му-му-му!..» Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.

3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго‑н.; ужыць якія‑н. захады, дзеянне ў адказ на што‑н. На жарты адказаць жартамі. □ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Ўмееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.

4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго‑, што‑н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.

5. без дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.

адка́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адказацца.

адка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да адказаць.

2. Прымаць на сябе адказнасць (у 1 знач.), несці адказнасць за каго‑, што‑н. Адказваць за выкананне вытворчага плана.

•••

Адказваць галавою за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.