Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Самка аленя.

ланка́стэрскі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з дзейнасцю Дж. Ланкастэра.

•••

Ланкастэрская сістэма навучання гл. сістэма.

Ланкастэрская школа гл. школа.

[Ад імя англійскага настаўніка Дж. Ланкастэра.]

ланса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

У спорце — круты і высокі скачок верхавога каня.

[Фр. lançade.]

ланта́н, ‑у, м.

Хімічны рэдказямельны элемент, белы метал, які акісляецца ў паветры і гарыць пры награванні.

ланцу́г, ‑а, м.

1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.

3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.

4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.

5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.

•••

І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.

На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.

Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.

Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.

ланцуго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. З ланцугамі, на ланцугах; які дзейнічае з дапамогай ланцугоў. Ланцуговая перадача. Ланцуговы мост.

2. Размешчаны адзін за другім падобна звенням ланцуга.

•••

Ланцуговая рэакцыя гл. рэакцыя.

ланцу́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ланцуга (у 1 знач.). Ланцужны звон. // Зроблены з ланцугоў. Ланцужная падвеска. □ І ланцужныя рвуцца аковы, І змятаюцца здзеку будовы. Гурло.

ланцужо́к, ‑жка, м.

1. Невялічкі тонкі ланцуг. [Малады чалавек] зіхацеў пярсцёнкамі і на камізэльцы ланцужком ад гадзінніка. Чорны.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Беглі, знікалі ўдалечыні ланцужкі электралямпачак. Хадкевіч. Развітальна курлыкаючы, праплывалі на поўдзень рэдкія ланцужкі жураўлёў. Курто.

3. у знач. прысл. ланцужко́м. Тое, што і ланцугом (гл. ланцуг у 5 знач.). Ідзём ланцужком паўз самыя платы, бо на вуліцы — лужы. Жычка.

ланцэ́т, ‑а, М ‑цэце, м.

Даўнейшы хірургічны нож невялікіх памераў, востры з двух бакоў. [Прафесар] таропка перабягаў ад стала да стала, нейкім асаблівым жэстам браў бліскучы ланцэт і жвава ўзмахваў рукой. Шахавец.

[Ням. Lanzette.]

ланцэтападо́бны, ‑ая, ‑ае.

З выгляду падобны на ланцэт; вузкі, востраканечны. Ланцэтападобнае лісце.