мянько́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мянька. Мяньковая галава. // Прыгатаваны з мянька. Мяньковая юшка.
мяня́ла, ‑ы, м.
1. Чалавек, які займаецца разменам і абменам грошай за пэўныя працэнты.
2. Разм. Той, хто займаецца абменам адных рэчаў на другія. Чалавек, што драмаў у крэсле, прыўзняў з твару капялюш, прамармытаў: — Мянялы, што-небудзь выменяць прыйшлі. Хомчанка.
мяня́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для размену або абмену грошай. Мяняльная крама.
мяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Рабіць узаемны абмен; абменьвацца. Мяняцца кнігамі. Мяняцца месцамі. □ — Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго. Якімовіч.
2. Замяшчаць адзін аднаго; зменьвацца. Два разы за ноч Васіль з Андрэем мяняліся на дзяжурстве. Скрыпка.
3. Рабіцца іншым; зменьвацца. Кажуць, чалавек можа мяняцца абліччам, характарам, але голас у яго ніколі не мяняецца. Скрыган. Надвор’е сапраўды мянялася. Спачатку ў паветры, быццам шэрыя матылі, закружыліся асобныя сняжынкі. Мокры снег гусцеў і гусцеў, і нарэшце.. халепа запаланіла ўсё навокал. Шчарбатаў. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Колас.
4. Зал. да мяняць.
•••
Мяняцца з твару — набываць іншы выгляд (пад уплывам перажыванняў, пачуццяў і пад.).
мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.
2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.
3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.
4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.
мярзло́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да мерзлаты. Мярзлотны стан. // Звязаны з вывучэннем мерзлаты. Мярзлотная станцыя.
мярзля́к, мерзляка, м.
Разм. Чалавек, вельмі адчувальны да холаду, марозу.
мярзля́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да мярзляк.
мярзо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.
Разм. Тое, што выклікае агіду; подласць, погань. — Не, я такую мярзоту пісаць не буду! — рашуча засупярэчыў Сярожа. Новікаў.