Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяду́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мядункі, уласцівы ёй. Мядункавы цвет. Мядункавы пах.

мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.

1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.

2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.

3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.

•••

За мяжой — у замежных дзяржавах.

За мяжу — у замежныя дзяржавы.

З-за мяжы — з замежных дзяржаў.

мязга́, ‑і, ж.

1. Мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай.

2. Маса, якая ўтвараецца пасля таўчэння, расцірання чаго‑н.; жамерыны. Бульбяная мязга.

мяздра́, ‑ы, ж.

1. Спец. Падскурная клятчатка ў жывёл.

2. Левы, адваротны бок шкуры.

мяздро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мяздры, зроблены з мяздры. Мяздровы слой. Мяздровы клей.

мяздры́цца, ‑рыцца; незак.

Зал. да мяздрыць.

мяздры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Ачышчаць ад мяздры (у 1 знач.). Мяздрыць шкуру.

мяздрэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мяздрыць.

мя́каць, ‑і, ж.

1. Мяккая частка цела жывёлы або чалавека.

2. Мяса без касцей. Аддзяліць мякаць ад касцей.

3. Мяккая частка пладоў, ягад, клубняў. Мякаць яблыка.

4. Разм. Што‑н. мяккае, рыхлае. Схапіў Юткевіч хлеб абедзвюма рукамі, упіўся ў пахучую мякаць зубамі і, не разжоўваючы, кавалак за кавалкам прагна глытаў хлеб, раскідаючы крошкі па стале. Мікуліч.

мя́кенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да мяккі.