Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адду́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Кароткі перапынак для адпачынку. Два дні ішоў дождж — сцябаў зямлю без аддухі, без літасці. Пташнікаў.

2. Тое, што і аддушына (у 2 знач.).

адду́шына, ‑ы, ж.

1. Адтуліна для выхаду паветра, дыму, пары. Замест акон ледзь свяціліся надземныя аддушыны. Баранавых.

2. перан. Тое, што дае выхад якім‑н. пачуццям, імкненням і пад. Вось хоць бы і тутэйшы народ: бедны, ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, таўчэцца, кідаецца ў розныя бакі, шукаючы аддушыны, і мала хто знаходзіць яе. Колас.

аддыме́ць, ‑міць; зак.

Скончыць, перастаць дымець.

адды́мны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можна зняць, аддзяліць. Аддымныя дзверцы.

адды́ха, ‑і, ж.

Тое, што і аддуха. Машэка плыў, марнеў з нягоды, Аддыху рэдка меў калі. Купала.

адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.

аддыха́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да аддыхнуць.

адды́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да аддыхацца.

аддыхну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Аднавіць сілы, перамяніўшы або зусім спыніўшы дзейнасць, работу, занятак і пад.; адпачыць. [Мікалай Патапавіч:] — А потым, калі ўжо аддыхнула галава, прасвятлелі думкі, стаў я патрошкі абмяркоўваць сваё становішча. Кулакоўскі. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.

адды́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Разм. Кароткі перапынак для адпачынку. А я бягу без аддышкі, з галля абтрасаючы зоркі, з ялін залацістыя шышкі Кідае пад ногі вавёрка... Матэвушаў.