Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

іры́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Разм. Адна цукерка ірысу. З’есці па ірысцы.

іры́т, ‑у, М ірыце, м.

Запаленне радужнай абалонкі вока.

[Ад грэч. iris — радужная абалонка вока.]

ірэа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ірэальнага; нерэальнасць. Ірэальнасць сюжэта.

ірэа́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які не існуе ў рэчаіснасці; нерэальны.

[Ад лац. irrealis — нематэрыяльны.]

ірэгуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Не падпарадкаваны агульным правілам; нерэгулярны. Ірэгулярнае войска. □ Па адхоне слаўся пладовы вялізны сад, адрываючыся ўверсе.. цёмнай і раскошнай сцяной ірэгулярнага парку. Караткевіч.

[Лац. irregularis.]

іск, ‑у, м.

Спец. Звяртанне да суда з патрабаваннем аб абароне грамадзянскіх правоў. Прад’явіць іск. Задаволіць іск. Адмовіць у іску.

•••

Сустрэчны іск — іск, які прад’яўляецца адказчыкам істцу.

і́скавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іску. Іскавая заява.

і́скарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да іскра. Бадзёра замільгалі ружовыя, ледзь бачныя аганькі, запырскалі іскаркі. Лынькоў. Нядобрыя іскаркі бліснулі ў вачах старой. Кірэйчык.

і́скра, ‑ы, ж.

1. Маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Стралялі іскрамі ў грубцы бярозавыя дровы. Васілевіч.

2. Яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка. На агромністым чорным полагу неба трапяталіся зеленаватыя іскры зорак. Паслядовіч.

3. перан.; чаго. Пачатак, пробліск, праяўленне якога‑н. пачуцця, думкі, таленту. Іскра радасці. Іскра надзеі. □ Здавалася, у .. моцным целе [Майбарады] звініць кожны мускул, а ў вачах ніколі не згасалі іскры вясёлага смеху. Шамякін.

•••

Электрычная іскра — форма імгненнага электрычнага разраду.

Аж іскры з вачэй пасыпаліся — пра замарачэнне ад болю ў выніку моцнага ўдару па галаве.

Божая іскра — пра адаронасць, наяўнасць таленту ў каго‑н.

Закінуць іскру (у душу) гл. закінуць.

і́скравец, ‑раўца, м.

Рэвалюцыянер, які прымыкаў да групы газеты «Іскра», заснаванай У.І. Леніным у 1900 г.