іржа́ўнік і ржа́ўнік, ‑у, м.
Паразітны грыбок, які развіваецца на раслінах.
іржа́ўныя і ржа́ўныя, ‑ых.
Група паразітных грыбоў, якія развіваюцца на раслінах.
іржа́ць і ржаць, (і)ржу, (і)ржэш, (і)ржэ; незак.
1. Абзывацца ржаннем (пра каня). Дзіка ржалі коні, бегаючы з сёдламі, без ездакоў, па скалечанаму полю. Гурскі.
2. Разм. Гучна, нястрымана смяяцца; рагатаць. Клас стагнаў, вохкаў, іржаў, качаўся ад смеху на лаўках. Чарнышэвіч.
іржы́шча і ржы́шча, ‑а, н.
1. Астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа на полі. Яна скалола ў кроў Іржышчам жорсткім босенькія ногі. З. Астапенка. Заворвалася ржышча, якое не паспела яшчэ падсохнуць. Нікановіч.
2. Зжатае поле. Паабапал шашы.. цягнуліся .. палі: іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая.. кукуруза. Шамякін.
іржэ́ўнік і ржэ́ўнік, ‑а, м.
Тое, што і (і)ржышча. У ржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. Каровы спакойна наеліся каля бору на ржэўніку. Чарот.
іржэ́ўніна і ржэ́ўніна, ‑ы, ж.
Разм. Адна сцябліна збажыны на зжатым полі. Нават кожная ржэўніна па-свойму сустрэне вясну; нагрэтая — лусне. Ермаловіч.
ірла́ндскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Ірландыі, ірландцаў, належыць ім. Ірландская мова. Ірландскія сагі.
ірла́ндцы, ‑аў; адз. ірландзец, ‑дца, м.; ірландка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. ірландкі, ‑дак; ж.
Народ, асноўнае насельніцтва Ірландыі.