Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

іскры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучае, мае ў сабе многа іскраў. Васіліна тым часам падкідала сушняк у маленькую печ, і чырвонае іскрыстае полымя вырывалася з чалеснікаў, нібы яму там цесна было. Сабаленка. Палае Агонь іскрысты ля карча. Ляпёшкін.

2. Які ззяе, зіхаціць іскрамі; бліскучы. Іскрысты снег. □ У вёсцы, дзе побач барок, Прабіўся, усплыў ручаёк, Празрысты, іскрысты і свежы. Бялевіч. // Пеністы, шыпучы. Іскрыстае віно. □ — Бач бо ты якое, аж свеціцца, — здзіўляліся госці, кожны падстаўляючы свой кубак, каб хоць трошкі і яму перапала гэтага іскрыстага пітва. Сабаленка. // перан. Яркі, выразны; агністы. Іскрысты смех. Іскрыстая радасць. □ І словы, што .. [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.

іскры́цца, іскрыцца; незак.

Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.

іскры́ць, ‑рыць; незак.

1. Выпускаць, даваць іскры. Жалеза іскрыць пад наждаком. // Даваць іскры пры недастаткова поўным кантакце ў электраправодцы. Рубільнік іскрыць. Кантакты іскраць. □ — Сыплюцца іскры каторы дзень, і не бачаць. — Гм, хай іскрыць, — адмахваецца рукою тата. — Перагарыць, дык паладзяць. Мыслівец.

2. Тое, што і іскрыцца. На выкаўзаным снезе так іскрыла сонца, што аж рэзала ў вачах. Карпюк.

іскрэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. іскрыць, іскрыцца.

ісла́м, ‑у, м.

Магаметанская рэлігія; мусульманства.

[Ад араб. islām — адданне сябе волі алаха.]

ісламі́зм, ‑у, м.

Рэлігійная сістэма ісламу.

ісламі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ісламу. Ісламісцкая дзяржава.

ісла́ндзец,

гл. ісланды.

ісла́ндка,

гл. ісландцы.

ісла́ндскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Ісландыі, ісландцаў. Ісландская мова. Ісландскі эпас.