інтэнда́нцтва, ‑а, н.
Ваенная арганізацыя, якая займаецца гаспадарчым забеспячэннем арміі і вайсковай гаспадаркай.
інтэнсі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць інтэнсіўнага; напружанасць, узмоцненая дзейнасць. Інтэнсіўнасць працы. Інтэнсіўнасць развіцця жывёлагадоўлі. Інтэнсіўнасць працэсаў абмену рэчываў.
інтэнсі́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Напружаны, узмоцнены. Інтэнсіўны рух машын. Інтэнсіўная вучоба. Інтэнсіўная перастрэлка.
2. Які дае найбольш высокую прадукцыйнасць. Інтэнсіўны адкорм свіней. Інтэнсіўнае вядзенне земляробства.
[Ад лац. intensio — напружанне, узмацненне.]
інтэнсіфікава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да інтэнсіфікаваць.
інтэнсіфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.
Кніжн. Зрабіць (рабіць) больш інтэнсіўным, павялічыць (павялічваць) інтэнсіўнасць чаго‑н. Інтэнсіфікаваць вытворчыя працэсы.
інтэнсіфіка́цыя, ‑і, ж.
Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. інтэнсіфікаваць. Інтэнсіфікацыя працы. Інтэнсіфікацыя вытворчасці. Інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі.
[Фр. intensification.]
інтэ́рас, ‑у, м.
1. Разм. Справа, дзелавая патрэба. [Данілка:] А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны. Купала. — Аўгінька, ці ў хаце твой бацька? Я маю да яго інтэрас. Зарэцкі.
2. Абл. Занятак гандлем; крама. — Які цяпер гандаль, хто цяпер гандлюе. Усе тыя, што калісь мелі свой інтэрас, цяпер вунь дзе гандлююць... Сабаленка.
інтэрба́чанне, ‑я, н.
Міжнароднае тэлевізійнае аб’яднанне, створанае ў 1960 г. ў Празе, а таксама перадачы па яго сетцы. Праграма інтэрбачання.
інтэрвака́льны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца паміж галоснымі гукамі (пра зычныя гукі і іх становішча).
[Ад лац. inter — паміж, vocalis — галосны гук.]
інтэрва́л, ‑у, м.
1. Адлегласць, прамежак, прастора, якая аддзяляе адзін прадмет ад другога. Паходныя інтэрвалы. □ Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў.
2. Перапынак, прамежак часу. Дзесяцісекундны інтэрвал. □ — Мы ідзём не па раскладу, і прапускаць наш састаў будуць у інтэрвалах між другімі цягнікамі. Пальчэўскі. [Мішка], не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна нацэльваючыся, страляў са сваёй ракетніцы. Лынькоў.
3. Розніца па вышыні паміж двума гукамі, утворанымі паслядоўна або адначасова.
[Лац. intervallum.]