Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

інтэграва́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Знайсці (знаходзіць) інтэграл пэўнай функцыі.

2. Кніжн. Аб’яднаць (аб’ядноўваць) часткі чаго‑н. у адно цэлае.

[Ад лац. integrare — узнаўляць.]

інтэгра́л, ‑а, м.

Паняцце ў матэматыцы аб цэлай велічыні як суме сваіх бясконца малых частак.

[Ад лац. integer — цэлы.]

інтэгра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да інтэграла. Інтэгральнае вылічэнне. Інтэгральныя ўраўненні.

2. Кніжн. цэласны, адзіны.

інтэгра́тар, ‑а, м.

Прыбор для механічнага вылічэння плошчаў і інш.

інтэгра́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Аб’яднанне ў адно цэлае якіх‑н. частак. Эканамічная інтэграцыя сацыялістычных краін.

інтэле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Розум, здольнасць чалавека мысліць, разважаць. Тонкі інтэлект. □ [Чалавек], які ўдасканальвае свой інтэлект, імкнецца самага добрага, светлага.. — ён, сапраўды самы прыгожы. Дубоўка. // Узровень разумовага развіцця. Чалавек вялікага жыццёвага вопыту і багатага інтэлекту. Адам Юр’евіч вельмі сур’ёзна ставіўся да выхавання дзяцей. Майхровіч.

[Лац. intellectus.]

інтэлектуа́л, ‑а, м.

Пра чалавека з высока развітым інтэлектам, а таксама пра чалавека разумовай працы. [Каладкевіч] — чалавек-легенда, інтэлектуал, важак, асоба ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Мехаў. Нідзе ва ўсім.. горадзе так не ішлі кнігі і часопісы, як у гэтым інстытуце. «У нас — інтэлектуалы», — з гордасцю сказаў прарэктар. Шамякін.

інтэлектуалі́зм, ‑у, м.

1. Кніжн. Насычанасць думкамі, ідэямі; філасофская змястоўнасць.

2. У псіхалогіі — ідэалістычны напрамак, які абсалютызуе інтэлектуальныя працэсы, адрываючы іх ад жыццёвай асновы і агульна-гістарычнай практыкі.

інтэлектуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік інтэлектуалізму (у 2 знач.).

інтэлектуа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць інтэлектуальнага.