Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

растаўсце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць тоўстым; распаўнець. Прыхворваючы на сэрца, .. [старшыня] за апошнія часы так растаўсцеў, што шэрая кашуля на ім, здавалася, вось-вось распаўзецца па швах. Ваданосаў.

растаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. растоўк, ‑таўкла, ‑ло; зак., што.

1. Таўкучы, размяць. Растаўчы бульбу. Растаўчы цукар.

2. Разм. Разбіць. [Маргарыта Казіміраўна:] — Недзе яшчэ асталося штук колькі [чарачак], не растаўклі... Скрыган. // Разбіць да крыві; расквасіць. [Тамаш:] — А дзе табе жалезам галаву растаўклі? Чорны.

растаўчы́ся, ‑таўчэцца; ‑таўкуцца; пр. растоўкся, ‑таўклася, ‑дося; зак.

1. Размяцца пры таўчэнні. Бульба добра растаўклася.

2. Разм. Разбіцца.

раста́ць, ‑тану, ‑танеш, ‑тане; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі стан пад дзеяннем цяпла. Першы снег растаў, расквасіўшы і без таго дрэнныя дарогі. Краўчанка. // Разм. Растварыцца ў вадкасці. // Разм. Перастаць быць падмёрзлым, адтаяць. Мароз адваліўся з ночы. Расталі шыбіны.. Грахоўскі. Так, Шыбасаў, мабыць, правільна кажа: трэба цяпер вывозіць [сосны], пакуль не расталі дарогі. Савіцкі.

2. перан. Паступова знікнуць, стаць нябачным, нячутным, непрыкметным. — Хто гэта? — спытаў я, калі чалавек растаў у цемры. Сачанка. Потым аднекуль здалёку палілася ціхая дзявочая песня, растала ў пахуча-тугім паветры. Нікановіч. // Знікнуць, прайсці, кончыцца. Мара была пустая, яна растала ў адзін момант. Чорны. І, нарэшце, у Якава Гузіка растала ўсякая вера, знікла ахвота, апаў настрой. Гартны. // Разысціся, рассеяцца. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.

3. перан. Прыйсці ў замілаванне; памякчэць, расчуліцца. Растаць ад пахвалы. □ [Сымон Пятровіч:] — Вам стаж патрэбен і моднае імя «будаўнік Нафтаграда». Гучыць! Пачуе камісія і растане. Грахоўскі. Напісаць тое, што адчувала ў сваім сэрцы, .. [Кацярына] не адважвалася. А што падумае Аляксей? Пасмяецца: вось, скажа, правінцыялка, убачыла і — растала. Ус.

•••

Як у вадзе растаць — знікнуць бясследна.

растачы́цца 1, ‑точыцца; зак.

Стаць, зрабіцца шырэй, глыбей ад расточкі ​1. Адтуліна добра растачылася.

растачы́цца 2, ‑тачыцца; зак.

Стаць большым, шырэйшым ад прыточкі ​2.

растачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Выточваючы, расшырыць, паглыбіць. Растачыць дэталь.

растачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Згрызці, праесці, патачыць скрозь, у многіх месцах. Шашаль растачыў сцяну.

растачы́ць 3, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Прытачыўшы, зрабіць большым, шырэйшым. Растачыць каўнер кашулі. □ Чакаючы нявестку ў хату, Стары Хамёнак перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць разам з новым сем’янінам. Шкраба.

раствара́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць рэчыва растварацца. Растваральнасць солей.

раствара́льнік, ‑а, м.

Рэчыва, здольнае раствараць іншае рэчыва.

раствара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які паддаецца растварэнню. Растваральныя солі.

раствара́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да растварыцца.

2. Зал. да раствараць.