растаць, ‑тану, ‑танеш, ‑тане; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі стан пад дзеяннем цяпла. Першы снег растаў, расквасіўшы і без таго дрэнныя дарогі. Краўчанка. // Разм. Растварыцца ў вадкасці. // Разм. Перастаць быць падмёрзлым, адтаяць. Мароз адваліўся з ночы. Расталі шыбіны.. Грахоўскі. Так, Шыбасаў, мабыць, правільна кажа: трэба цяпер вывозіць [сосны], пакуль не расталі дарогі. Савіцкі.
2. перан. Паступова знікнуць, стаць нябачным, нячутным, непрыкметным. — Хто гэта? — спытаў я, калі чалавек растаў у цемры. Сачанка. Потым аднекуль здалёку палілася ціхая дзявочая песня, растала ў пахуча-тугім паветры. Нікановіч. // Знікнуць, прайсці, кончыцца. Мара была пустая, яна растала ў адзін момант. Чорны. І, нарэшце, у Якава Гузіка растала ўсякая вера, знікла ахвота, апаў настрой. Гартны. // Разысціся, рассеяцца. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.
3. перан. Прыйсці ў замілаванне; памякчэць, расчуліцца. Растаць ад пахвалы. ▪ [Сымон Пятровіч:] — Вам стаж патрэбен і моднае імя «будаўнік Нафтаграда». Гучыць! Пачуе камісія і растане. Грахоўскі. Напісаць тое, што адчувала ў сваім сэрцы, .. [Кацярына] не адважвалася. А што падумае Аляксей? Пасмяецца: вось, скажа, правінцыялка, убачыла і — растала. Ус.
•••
Як у вадзе растаць — знікнуць бясследна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)