растармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; зак., каго-што.
Разм. Тармосячы, разбудзіць, раскатурхаць. Растармасіць соннага. // перан. Вывесці са стану вяласці, раўнадушша; расшавяліць.
растаро́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць растаропнага; упраўнасць. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю, растаропнасцю. Якімовіч.
растаро́пны, ‑ая, ‑ае.
Спрытны, кемлівы ў справах; упраўны, рухавы. Гэта язда падабалася Тарасу: яго пасылалі, як растаропнага служаку. Колас. [Максім:] — Не ўмееш гаспадарку сваю весці, бо не растаропны, не хітры ты чалавек... Капыловіч.
растасава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад растасаваць.
растасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
Перамяшаць карты ў калодзе перад раздачай партнёрам па гульні; ператасаваць. // перан. Разм. Размясціць па розных месцах. [Кныш:] — Гэты Чырак прыбярэ нас да рук. І не яўкнеш, як па розных пакоях растасуе. Нядзведскі.
растасо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. растасоўваць — растасаваць.
растасо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да растасоўваць.
растасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да растасаваць.
растасо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. растасоўваць — растасаваць.
растаўсце́лы, ‑ая, ‑ае.
Які растаўсцеў; распаўнелы, тоўсты. — Ёсць у вас чайнік? — паглядзеў [Ціхамір] на буфетчыцу, маладую, але ўжо растаўсцелую жанчыну. Чыгрынаў.