Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утрыма́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

утры́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрымліваць ​1 — утрымаць ​1.

утры́млівацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да утрымацца.

2. Зал. да утрымліваць ​1.

утры́млівацца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да утрымліваць ​2 (у 1 знач.).

утры́мліваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утрымаць ​1.

утры́мліваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да утрымаць ​2.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець у сваім складзе. Калійныя ўгнаенні ўтрымліваюць хлор. □ — Шмат карысці дае чалавеку кара яліны, — працягваў сын.. — Яна ўтрымлівае таніды, з якіх здабываюць дубільныя экстракты. Мяжэвіч.

утры́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрыраваць.

утры́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад утрыраваць.

2. у знач. прым. Перабольшаны, скажоны давядзеннем чаго‑н. да крайнасці. Утрыраваныя факты. Утрыраваны вобраз.

утры́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да утрыраваць.

утры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.

Падаць (падаваць) у перабольшаным выглядзе; сказіць (скажаць) давядзеннем чаго‑н. да крайнасці. Утрыраваць думку. □ — «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька.. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе... — Не ўтрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат. Шамякін.

[Ад фр. outrer.]

утрыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрыраваць.

2. Перабольшванне, скажэнне ў выніку празмернага падкрэслівання чаго‑н. У.. [творчасці М. А. Чэхава] спалучаліся тэатральнасць, якая даходзіла амаль да утрыроўкі, да парадоксу, з незвычайнай пераканаўчай праўдзівасцю. Сяргейчык.

утрэ́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрэсваць — утрэсці.