Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утрупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Абмерці, абамлець ад страху, спалоху. [Ляснік:] — Падняў некалькі грыбоў, адагнуўся і ўтрупянеў: з-за маладой елачкі шусь на паляну мядзведзь, стаў і аблізваецца. Пальчэўскі. [Скуратовіч:] — Гавары праўду, а то зараз падніму, ды так лясну,.. што не ўстанеш. Міхалка ўтрупянеў. Чорны.

утру́ска, ‑і, ДМ утрусцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Змяншэнне вагі сыпучага рэчыва пры перавозе, перасыпанні і пад. / у іран. ужыв. Калі ў кране ёсць нястача, Дык «усушка» там, няйначай, Ці «утруска», ці мо’ «мышы» — Так заўсёды ў актах піша. Крапіва.

2. Колькасць страчанага ў выніку перавозу, перасыпання чаго‑н. сыпучага. Падлік утрускі.

утрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. (звычайна з адмоўем «не»).

1. Цярпліва перанесці што‑н.; вытрываць. Варухнула [Матруна] прастрэленаю леваю рукою: баліць, не ўтрываць. Марціновіч.

2. Праявіць вытрымку; выцерпець. Праз дзень Клава не ўтрывала і паспрабавала падняцца з ложка. Мележ. — Ты заўсёды плакала, прыбяднялася,.. — не ўтрываў Мікіта, быццам Лёксіны словы зачапілі і яго. Кудравец.

утрыма́нец, ‑нца, м.

Чалавек, які знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

утрыма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да утрыманец.

утрыма́нне 1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрымаць ​1.

2. Утрыманая сума. Памеры ўтрымання з заработкаў.

утрыма́нне 2, ‑я, н.

1. Забеспячэнне каго‑н. сродкамі для існавання, ежай, кармамі. Браць на сваё ўтрыманне. Мець на ўтрыманні дзяцей. □ З другой палучкі Анатоль выслаў.. першыя дзвесце рублёў на ўтрыманне сына. Пальчэўскі.

2. Наяўнасць якога‑н. рэчыва ў складзе чаго‑н., колькасць такога рэчыва. Утрыманне золата ў народзе. □ Планета мела атмасферу з даволі высокім утрыманнем кіслароду. Шыцік.

•••

Бесстаночнае ўтрыманне жывёлы — утрыманне жывёлы ў агульным, не разгароджаным на праварыны памяшканні.

утрыма́нскі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які выдзелены на ўтрыманне. Утрыманскі фонд. // Уласцівы людзям, якія імкнуцца жыць на чыім‑н. утрыманні. Утрыманская псіхалогія.

утрыма́нства, ‑а, н.

Кніжн.

1. Знаходжанне на чыім‑н. утрыманні. Дакументы аб утрыманстве.

2. Імкненне жыць на ўсім гатовым, разлічваць на чыю‑н. дапамогу. Нельга разлічваць на ўтрыманства.

утрыма́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утрымаць ​1.

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.