Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ільноцерабі́льны і льноцерабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для цераблення лёну. Ільноцерабільная машына.

ільночаса́лка і льночаса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Машына для часання лёну.

ільночаса́льны і льночаса́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для часання лёну. Ільночасальная машына.

ільня́нішча і льня́нішча, ‑а, н.

Поле, з якога сабралі лён або на якім папярэдняй культурай быў лён.

ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.

2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.

3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.

ільсні́цца і льсні́цца, ‑ніцца; незак.

Блішчаць, адсвечваць (пра гладкую паверхню). Паравозік быў зроблены з бярозы-чачоткі, ільсніўся, як шкло. Пестрак. Дарога гладкая, слізкая, бліскучая. Ільсніцца сліпучы белы снег. Лужанін.

ілю́вій, ‑ю, м.

Спец. Мінеральныя і арганічныя рэчывы, вымытыя вадою з верхняй часткі глебы і адкладзеныя ў яе ніжняй частцы.

[Ад лац. illuvies — разліў, намыўная гразь.]

ілювія́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ілювію.

ілюзі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ілюзіі.

•••

Ілюзійнае мастацтва — эстрадна-цыркавы жанр, які заключаецца ў паказе нумароў, заснаваных на падмане зроку або на ўменні артыста своечасова адцягнуць ад чаго‑н. увагу гледачоў.

ілю́зія, ‑і, ж.

Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.

[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]