дада́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дадаць.
дадаі́ць, ‑даю, ‑доіш, ‑доіць; зак., каго-што.
Скончыць даіць; поўнасцю выдаіць. Дадаіць карову.
дада́ны, ‑ая, ‑ае.
Звычайна ў выразах: а) даданы сказ гл. сказ; б) даданы член сказа гл. член.
дада́так, ‑тку, м.
Тое, што прыбаўляецца, дадаецца да чаго‑н. [Пацейкоўскі] праглядае тэзісы,.. робіць папраўкі, дадаткі, шліфуе, адточвае кожны сказ, кожнае слова. Колас. // Кніга, брашура і пад., што прыкладаюцца да якога‑н. падпіснога выдання. Літаратурны дадатак да газеты.
•••
У дадатак (да) — акрамя чаго‑н., звыш чаго‑н. У дадатак да дзяржаўных клопатаў былі клопаты і асабістыя. Паслядовіч.
дадатко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца дадаткам, дабаўкай да чаго‑н. асноўнага. Дадатковая прадукцыя. Дадатковы рэйс. Дадатковыя заняткі. □ Не ведаючы, якую адзнаку паставіць за адказ — не чуў, ці правільны ён — Пётр Пятровіч задаў Міхасю дадатковае пытанне. Шахавец.
дада́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дадатнага. — І наша справа такім чынам набывае пэўны водгук. Вось у чым дадатнасць адозвы, невядома чыёю рукою напісанай. Колас.
дада́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае патрэбныя ўласцівасці, якасці, заслугоўвае адабрэння. Былі і дадатныя бакі ў гэтых вандроўках: па дарозе добра абмяркоўваўся даклад. Колас.
2. Які выражае адабрэнне; станоўчы. Дадатная ацэнка.
3. Большы, чым нуль. Дадатны лік. Дадатная велічыня. Дадатная тэмпература.
4. Які мае адносіны да віду электрычнасць часціцамі якога з’яўляюцца пратоны, пазітроны і інш. Дадатны зарад.
5. у знач. наз. дада́тнае, ‑ага. Тое, што характарызуецца станоўчымі якасцямі; проціл. адмоўнае.
дада́цца, ‑дасца; ‑дуцца; зак.
Разм. Далучыцца, дабавіцца ў дадатак да чаго‑н. Астатняе дадасца. □ Да ўсіх Галіных бядот дадалася новая, ужо зусім рэальная бяда. Няхай.
дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.
1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.
2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.
3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.
4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.
да́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даць (у 1–4 і 8 знач.).