мучні́сты, ‑ая, ‑ае.
Падобны чым‑н. на муку. Мучністы пыл.
•••
Мучністая раса гл. раса.
мучны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да мукі, прызначаны для мукі. Вось ужо апошняя прама, крама мучная, а далей пойдуць хаты земляробаў. Пестрак.
2. Прыгатаваны з мукі. Мучны клей. // у знач. наз. мучно́е, ‑ога, н. Ежа з мукі.
мучы́ца, ‑ы, ж.
Разм. Памянш.-ласк. да мука.
мучы́цель, ‑я, м.
Той, хто мучыць каго‑н. Праз крывавы туман .. [Валодзя] назіраў за раз’юшанымі тварамі сваіх мучыцеляў і адчуваў да іх глыбокую нянавісць і пагарду. Пятніцкі.
мучы́целька, ‑і, ДМ ‑льны; Р мн. ‑лек; ж.
Разм. Жан. да мучыцель.
му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.
2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.
му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.
Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.
мучэ́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. мучыцца, мучыць; мука, пакута.
му́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да муха.
2. перан. Наклееная або намаляваная чорная крапінка на твары ў выглядзе радзімкі.
3. Упрыгожванне ў выглядзе круглага вузялка, кропкі на празрыстай тканіне. Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм. Караткевіч.
•••
Шпанская мушка — тое, што і шпанская муха (гл. муха).
му́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Частка прыцэльнага прыстасавання ў ручной агнястрэльнай зброі, размешчаная на пярэдняй частцы ствала. Чыстай марлечкай [салдат] старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Шамякін. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. [Партызан] ужо даўно сачыў за .. эсэсаўцам, і пры кожным яго руху пераносіў мушку то ўлева, то ўправа. Шчарбатаў.
•••
Браць (узяць) на мушку гл. браць.