Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мутаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да мутагену, які выклікае мутацыю. Мутагеннае рэчыва. Мутагенная селекцыя.

мута́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Асобіна жывёлін або раслін, якая ўзнікае ў выніку мутацыі (у 2 знач.).

[Ад лац. mutans ад mutare — мяняць, змяняць.]

мута́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мутанта, які ўтварыўся ў выніку мутацыі. Мутантныя клеткі. Мутантныя гатункі пшаніцы.

мутацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мутацыі.

мута́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Скачкападобнае змяненне з’яў.

2. У біялогіі — рэзкае змяненне спадчыннай асновы ў жывёл або раслін.

3. Змена, пералом голасу ў падлеткаў з наступленнем палавой спеласці.

[Ад лац. mutatio — змяненне, змена.]

му́тна,

1. Прысл. да мутны. Мутна глядзяць Запацеўшыя вокны. Танк.

2. безас. у знач. вык. Туманна. Кружылася ў галаве, і ў вачах было мутна. Чарнышэвіч.

мутна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «мутны», «мутна», напрыклад: мутнаводны, мутнавокі.

мутнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху мутны, не зусім празрысты. Камандзір.. дастаў з тумбачкі пляшку, наліў паўшклянкі мутнаватага спірту. Шамякін. Вецер прыкметна пацішэў: у мутнаватым месячным святле кружыліся шэрыя сняжынкі. М. Стральцоў.

му́тнасць, ‑і, ж.

Якасць мутнага.

мутне́ць, ‑ее; незак.

1. Рабіцца мутным. Вада мутнее. □ Пацямнела. Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. Ноч паступова згушчалася, мутнела, на кукурузныя лісты клалася халаднаватая раса. Кулакоўскі.

2. перан. Станавіцца няясным, невыразным; зацямняцца (аб розуме, памяці). Урэшце пачала мутнець памяць. Дні блыталіся з начамі. Лупсякоў. Цікавасць перамешвалася ў мяне са страхам, ад якога мутнела ў галаве. Карпюк.