уто́к, утку, м.
Спец. Папярочныя ніткі, якія пераплятаюцца з асновай і ўтвараюць тканіну.
уто́ма, ‑ы, ж.
Разм. Стан утомленага; стома. Маці азірнулася. Запацелы твар выказваў балючую ўтому. Гартны. [Гунава:] — Гэтаму сабаку няма цаны. Ён цэлыя суткі можа ісці па следу, не ведаючы ўтомы. Самуйлёнак. // Пачуццё стомленасці, слабасці ад працы. Пасля доўгай трэніроўкі яго агарнула ўтома.
уто́мленасць, ‑і, ж.
Стан утомленага (у 2 знач.). Ці то ад перажытага, ці то ад папярэдняй утомленасці, адчуў Ігнась зноў .. боль у грудзях. Чорны.
уто́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад утаміць.
2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай працай ці якім‑н. іншым заняткам. Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае ўбогай, К табе я ў думках залятаю І там душою спачываю. Колас. // Які выражае зморанасць. Куды старая выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць?.. Пагляд утомлены не мог сказаць. Гілевіч.
уто́мна,
Разм.
1. Прысл. ад утомны.
2. безас. у знач. вык. Пра стан утомы, стомленасці. Зосі стала неяк не па сабе, нудна і ўтомна, пачаў марыць сон. Гартны.
уто́мнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць утомнага.
уто́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які даводзіць да стомы, зморанасці. Утомная дарога. □ Ажылі, павыляталі са сваіх дзённых схованак ачмурэлыя ад утомнай і чаднай гарачыні камары, мошкі. Сачанка.
уто́нчаны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і вытанчаны (у 2 знач.).
уто́пія, ‑і, ж.
1. Вучэнне аб сацыяльнай перабудове, аб ідэальным грамадскім ладзе, заснаванае на ненавуковым разуменні аб’ектыўных заканамернасцей грамадскага развіцця. [Маркс] ператварыў сацыялізм з утопіі ў навуку, абгрунтаваў немінучасць гібелі капіталізму і перамогі камунізма. «Звязда».
2. Фантазія, неажыццявімая мара. Астранамічныя лічбы.. А накапаць 30 тысяч тон торфу! Ці не ўтопія гэта?.. Нават перавезці немагчыма. Дуброўскі.
3. Літаратурны твор, у якім апісваецца ідэальны грамадскі лад будучага.
[Ад грэч. u — не і tópos — месца, г. зн. месца, якога няма; па другой версіі, ад eu — дабро і tópos — месца, г. зн. благаславенная краіна.]
уто́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад утапіць (у 1, 5 знач.).