Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

утлума́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утлумачыць.

утлума́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утлумачваць — утлумачыць.

утлума́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утлумачыць.

утлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што, каму і з дадан. сказам.

Разм. Тлумачачы, прымусіць каго‑н. зразумець, засвоіць што‑н.

утну́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Абл. Уцяць ​1. Ліха на яго, на таго авадня, сеў мне на левую руку ды так утнуў, што я не ўтрымаў і ўпусціў насілы. Сабаленка. А як.. [Піліп] іграў на гармоніку! Бывала, як утне са скрыпачом Тодарам полечку, дык ніхто не ўстоіць і не ўседзіць. Якімовіч.

утну́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Абл. Уцяць ​2. Утнуць канец жэрдкі.

уто́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утаіць.

уто́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утойваць — утаіць.

уто́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да утойваць.

уто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утаіць.