Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыскусі́раваць і дыскуці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што, аб чым і без дап.

Весці дыскусію аб чым‑н., абмяркоўваць якое‑н. спрэчнае пытанне. Дыскуціраваць пытанне аб арганізацыі працы. □ [Людзі] заўзята дыскусіравалі, абмяркоўвалі кожнае пытанне, выказвалі свае меркаванні і думкі. Машара.

[Ад лац. discutere — даследаваць, абмяркоўваць.]

дыску́сія, ‑і, ж.

Свабоднае публічнае абмеркаванне якога‑н. спрэчнага пытання. Распачаць дыскусію. Уступаць у дыскусію. □ Былі спрэчкі і дыспуты, былі ваяўнічыя выступленні ў шматлікіх дыскусіях, на канферэнцыях, сходах. Звонак. // перан. Разм. Спрэчка некалькіх субяседнікаў па якіх‑н. прыватных пытаннях. Не так ужо і кепска жыць на свеце, як гэта здавалася яму ў часе нуднай дыскусіі з жонкай. Лынькоў.

[Ад лац. discussio — даследаванне, абмеркаванне.]

дыскута́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Удзельнік дыскусіі.

дыскуці́раваць,

гл. дыскусіраваць.

дыслакацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыслакацыі (у 1, 2 знач.). Дыслакацыйная карта. Дыслакацыйнае землетрасенне.

дыслака́цыя, ‑і, ж.

1. Размяшчэнне войск на тэрыторыі краіны або размеркаванне караблёў флоту па портах. Вопыт партызанскіх баёў падказваў, што трэба неадкладна мяняць месца дыслакацыі атрада. Шчарбатаў.

2. Зрушэнне пластоў зямной кары.

3. Зрушэнне касцей пры пераломах.

[Фр. dislocation.]

дыслацы́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Размясціцца (размяшчацца) у пэўным месцы. З корпуса, які дыслацыраваўся ў Віцебску і лічыўся адным, з надзейных, прыйшла тэлеграма. Гурскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрушыцца (зрушвацца) (аб пластах зямной кары).

3. толькі незак. Зал. да дыслацыраваць.

дыслацы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць), правесці (праводзіць) дыслакацыю (у 1 знач.). Дыслацыраваць полк.

дыспазі́цыя, ‑і, ж.

1. План размяшчэння войск, флоту для бою або на месцы стаянкі.

2. У 18–19 стст. — пісьмовы загад войскам на бой або на марш.

[Лац. dispositio.]

дыспансе́р, ‑а, м.

Спецыяльная медыцынская ўстанова, якая займаецца лячэннем і прафілактыкай хвароб. Туберкулёзны дыспансер. Анкалагічны дыспансер.

[Фр. dispensaire.]